Дата стварэння: 22.05.2023 11:52:52
Дата змены: 11.09.2024 16:21:36
ЖУ́ЛІКАЎ Пётр Георгіевіч (падпольны псеўданім Пятроў; верасень 1910, с. Крэпасць Узень Наваўзенскага pаёна Саратаўскай вобласці, Расія — 7.12.1943).
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Брэсцкага партыйнага падполля ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Вучыўся ў Вышэйшым камуністычным сельскагаспадарчым універсітэце імя Я. М. Свярдлова ў Маскве (1932–1934).
З 1939 г. на партыйнай рабоце ў Беларусі, са студзеня 1941 г. сакратар партыйнага камітэта Брэсцкага чыгуначнага вузла, член Брэсцкага падпольнага гаркама КП(б)Б.
Застаўшыся ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Брэст, устанавіў сувязь з камуністамі. У жніўні 1941 г. стаў ініцыятарам стварэння гарадскога кіруючага партыйнага цэнтра, які аб’ядноўваў 7 падпольных партыйных арганізацый (125 чалавек). Устанавіў сувязь з Брэсцкай гарадской антыфашысцкай арганізацыяй і Брэсцкім камсамольска-маладзёжным падполлем і накіроўваў іх дзейнасць.
Натрапіўшы на след партыйнага падполля, акупанты двойчы арыштоўвалі П. Г. Жулікава, але, не маючы доказаў, адпускалі. Па даносе правакатара 10 кастрычніка 1943 г. ён, цяжка хворы, быў схоплены карнікамі і пасля жорсткіх катаванняў памёр у турме.
На ўшанаванне памяці П. Г. Жулікава ў Брэсце на будынку вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны ў 1964 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.