pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я БАБРУЙСКАЯ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:52:55

Дата змены: 21.08.2025 09:39:59


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    1-я БАБРУЙСКАЯ

Байцы партызанскай брыгады 1-й Бабруйскай у час адной з аперацый «Рэйкавая вайна».

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    1-я БАБРУЙСКАЯ

Штаб партызанскай брыгады 1-й Бабруйскай за распрацоўкай баявой аперацыі. 1943 г.

Партыза́нская брыга́да 1‑я Бабру́йская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Асіповіцкага і Бабруйскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Парыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Створана ў лютым 1943 г. на базе 752‑га атрада (арганізаваны ў студзені 1942, з красавіка 1942 — 752‑і, камандзір В. І. Лівенцаў) Клічаўскага аператыўнага цэнтра. Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрад 753‑і імя 25‑годдзя РСЧА, у красавіку 1943 г. брыгада перададзена Магілёўскай ваенна-аператыўнай групе (абласной). У ліпені 1943 г. арганізаваны атрад 754‑і імя М. І. Сямісалава.

Атрад В. І. Лівенцава (752‑і) 20 сакавіка 1942 г. удзельнічаў у разгроме варожага гарнізона ў г. п. Клічаў (гл. у артыкуле Клічаўскія баі 1942, 1943 гг.), у чэрвені — жніўні 1942 г. — у абароне Клічаўскай партызанскай зоны, у прарыве блакады ў час карнай аперацыі. У лістападзе 1942 г. каля чыгуначнай станцыі Талька партызаны падарвалі і спалілі эшалон з запчасткамі да самалётаў і аўтамашын. У жніўні 1943 г. перабілі больш за 1 тыс. рэек.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады 752‑і, 753‑і імя 25‑годдзя РСЧА, 754‑ы імя М. I. Сямісалава, налічвала 1 127 партызан. Пасля злучэння брыгада ўключана ў баявы парадак 37‑й гвардзейскай стралковай дывізіі, заняла рубеж абароны 118‑га гвардзейскага стралковага палка. Выведзена ў тыл 15 снежня 1943 г. і расфарміравана.

Камандзір брыгады В. I. Лівенцаў, камісар Д. А. Ляпёшкін, начальнік штаба С. З. Крамнёў.

Камандзіру брыгады В. І. Лівенцаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.