pdf

«БАЛОТНАЯ ЛІХАМАНКА»

Дата стварэння: 01.03.2023 14:58:54

Дата змены: 11.09.2024 16:07:05


«Бало́тная ліхама́нка» («Sumffiebег»)

Кодавая назва адной з найбольш буйных і жорсткіх карных аперацый нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва Беларусі на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей з 25 жніўня да 20 верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася па загадзе рэйхсфюрара СС Г. Гімлера сіламі начальніка СС і паліцыі рэйхскамісарыята «Остланд», начальніка паліцыі парадку Беларусі, паліцыі бяспекі і СД, камандуючага сіламі вермахта ў «Остландзе»: 1‑й матарызаванай брыгады СС, 23‑га паліцэйскага палка, васьмі асобных ахоўных батальёнаў, пяці матарызаваных узводаў жандармерыі, трох зондэркаманд СС і інш. Карнікам быў дадзены загад: «Пры правядзенні аперацыі дзейнічаць бязлітасна. Усе вёскі, якія знаходзяцца ў балоцістым і лясным раёнах, дзе будзе праводзіцца аперацыя, падлягаюць знішчэнню».

Складалася з 7 паслядоўных аперацый.

Карная аперацыя «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд I» ажыццяўлялася ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці і Бягомльскім раёне Мінскай вобласці, у раёне возера Домжарыцкае з мэтаю знішчэння партызанскага атрада «Рамана» (камандзір Р. А. Дзякаў) і цывільнага насельніцтва, якое знаходзілася пад яго абаронай. Партызаны разам з насельніцтвам пакінулі лагер каля в. Кветча (Бягомльскі раён, цяпер Лепельскі), адышлі ў глыб Бярэзінскага запаведніка. Карнікі падверглі лясны масіў артылерыйска-мінамётнаму абстрэлу, але з-за панесеных страт ад праследавання адмовіліся.

Задача 2‑й аперацыі «Балотная ліхаманка — Поўнач Бінц» у Плешчаніцкім раёне Мінскай вобласці і Ільянскім раёне Вілейскай вобласці — знішчэнне партызанскіх атрадаў «Мсцівец» (камандзір В. Т. Варанянскі) і «Барацьба» (камандзір С. Н. Далганаў), што дзейнічалі ў раёне паміж рэкамі Вілія і Ілія. Партызаны разам з часткай жыхароў знайшлі праход на стыках батальёнаў гітлераўцаў, якія іх акружалі, і вырваліся з кальца блакады ў раён вёсак Пядань і Мсціж Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

Раззлаваныя няўдачамі карнікі з 27 жніўня да 6 верасня 1942 г. правялі 4 крывавыя аперацыі: на паўночны захад ад Лагойска «Балотная ліхаманка — Поўнач Баркхольт»; у Лагойскім і Смалявіцкім раёнах Мінскай вобласці, у вусці р. Цна каля вёсак Мыльніца і Масцішча «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд II»; у вёсках Уздзенскага pаёна Мінскай вобласці, паміж дарогай Мінск — Слуцк і возерам Сіняе і ў лясным масіве паміж вёскамі Церабель, Кавалевічы, Таўкачэвічы, Гута, Ячанка, Асака «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд III»; у Стаўбцоўскім раёне Баранавіцкай вобласці ў Налібоцкай пушчы «Балотная ліхаманка — Захад».

7‑я аперацыя «Балотная ліхаманка — Поўдзень — Захад» праводзілася ў Быценскім раёне Баранавіцкай вобласці, Косаўскім раёне Брэсцкай вобласці, Ганцавіцкім і Целяханскім раёнах Пінскай вобласці, у вялікім лясіста-балоцістым раёне на поўнач і поўдзень ад участка чыгункі Бяроза — Баранавічы на лініі Баранавічы — Брэст, паміж рэкамі Шчара — Грыўда, азёрамі Выганашчанскае і Бабровіцкае. Праз зону блакады ішоў баявым рэйдам ў Пінскую вобласць партызанскі атрад імя М. А. Шчорса (камандзір П. В. Пранягін), які прыняў на сябе ўдар карнікаў. Дзейнічаючы з засад невялікімі рухомымі групамі, партызаны нанеслі гітлераўцам значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы (знішчылі ахову моста цераз р. Шчара на шашы Брэст — Мінск, у в. Чамялы Косаўскага pаёна ліквідавалі гарнізон палявой жандармерыі, знішчылі 2 легкавыя машыны з варожымі афіцэрамі). У рукапашным баі каля Агінскага канала поўнасцю знішчылі роту СС, захапілі больш за 100 адзінак аўтаматычнай зброі, вінтовак і паспяхова працягвалі рэйд.

У ходзе карнай аперацыі «Балотная ліхаманка» гітлераўцы загубілі 10 013 чалавек, 1 217 вывезлі на катаргу ў Германію. Асабліва жорсткай расправе падвергліся жыхары вёсак Бабровічы (загублена 676 чалавек), Выганашчы (31 чалавек), Вяда, Красніца, Тупічыцы (Целяханскі раён, цяпер тэрыторыя Івацэвіцкага раён Брэсцкай вобласці) і інш.

Паўторна аперацыя «Балотная ліхаманка» была праведзена гітлераўцамі ў сярэдзіне чэрвеня 1943 г. у заходняй частцы Ворскага лесу (с. Ворга, Смаленская вобласць, Расія).