Дата стварэння: 17.08.2023 13:57:38
Дата змены: 21.07.2025 09:03:21
Партыза́нскі атра́д 620‑ы імя́ В. І. Чапа́ева
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Кіраўскага, Клічаўскага, Бярэзінскага, Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Клецкага раёна Баранавіцкай вобласці.
Створаны 1 снежня 1941 г. у Кіраўскім раёне на базе групы В. М. Сырцова, 3 красавіка 1942 г. уключаны ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра як атрад 620‑ы, з лістапада 1942 г. галаўны атрад партызанскай брыгады 5‑й Клічаўскай (камандзір атрада М. С. Міхалап адначасова быў камандзірам брыгады), з 20 мая 1943 г. дзейнічаў самастойна, з 8 жніўня 1943 г. асобны атрад у складзе Кіраўскай ваенна-аператыўнай групы. У лістападзе 1943 г. па распараджэнні Беларускага штаба партызанскага руху пачаў перадыслакацыю ў Клецкі раён, куды выйшаў у студзені 1944 г., і быў уключаны ў склад Баранавіцкага Паўднёвай зоны партызанскага злучэння.
Партызаны атрада разам з іншымі атрадамі ў сакавіку — красавіку 1942 г. ачысцілі тэрыторыю Клічаўскага раёна ад варожых гарнізонаў, вызвалілі і ўтрымлівалі г. п. Клічаў. Разам з атрадам 113‑м (гл. Партызанскі полк 113‑ы) 24 снежня 1942 г. разбілі гарнізон, які ахоўваў чыгуначны мост цераз р. Друць. У маі 1943 г. партызаны правялі 10 сустрэчных баёў з карнікамі. Разграмілі каля 20 паліцэйскіх гарнізонаў і ўчасткаў, у т. л. у рабочым пасёлку Градзянка Асіповіцкага раёна і вёсцы Кабылянка Клічаўскага раёна, падарвалі 1,2 тыс. рэек, 47 мастоў.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 4 ліпеня 1944 г., на той момант у ім налічвалася 287 партызан.
Камандзіры атрада: В. М. Сырцоў (загінуў), М. С. Міхалап (загінуў), А. А. Хачатран; камісары: М. I. Александровіч, М. Ф. Мірановіч (выконваў абавязкі), Г. А. Храмовіч, П. А. Рыняк, А. А. Хачатран, М. Г. Буракоўскі; начальнікі штаба: Ф. С. Тарасевіч, I. П. Міхалап, Ф. К. Сцерлеў.