pdf

«САВА» № 38

Дата стварэння: 17.08.2023 14:01:24

Дата змены: 11.09.2024 14:53:38


«Сава́» № 38 («Еulе»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці, Круглянскім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці 3–7 верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі 203‑й ахоўнай дывізіі вермахта пры падтрымцы танкавых і зенітных артылерыйскіх падраздзяленняў. З’яўлялася працягам карнай аперацыі «Грыф», часткай буйнога аператыўнага плана камандавання групы армій «Цэнтр» па «ачыстцы» і «ўціхамірванні» тэрыторыі ўздоўж чыгунак Барысаў — Смаленск, Віцебск — Смаленск і Віцебск — Орша.

Галоўны ўдар гітлераўцаў быў накіраваны на Рацаўскія лясы (раён в. Рацава Талачынскага раёна), дзе дыслацыравалася партызанская брыгада «Чэкіст». Пры падтрымцы танкаў і бронемашын 3 батальёны карнікаў 3 верасня пачалі наступленне з боку раённых цэнтраў Шклоў і Круглае ў паўночным напрамку, імкнучыся прыціснуць партызан да лініі адсячэння на ўчастку чыгункі Талачын — Коханава. Да зыходу дня гітлераўцы занялі вёскі Уланава (Круглянскі раён, цяпер Шклоўскі) і Дудаковічы (Круглянскі раён). Бязлітасны бой разгарэўся каля в. Стараселле Шклоўскага раёна. Партызаны змагаліся да апошняга патрона, аднак з‑за адсутнасці боепрыпасаў вымушаны былі адысці на поўнач у раён в. Альхоўка. Тут 4 верасня камандаванне брыгады прыняло рашэнне дзвюма самастойнымі групамі прарвацца праз шашу і чыгунку на ўчастку Барысаў — Орша.

Чатыры партызанскія атрады пад камандаваннем Г. А. Кірпіча з боем прарвалі загараджальныя заслоны гітлераўцаў, перайшлі шашу і чыгунку ў раёне в. Падбярэззе Талачынскага раёна і выйшлі да в. Стайск Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Другой групе атрадаў пад камандаваннем А. С. Нікітчанкі прарвацца праз варожыя заслоны не ўдалося, і яна пасля скрытнага абходнага манеўра выйшла ў Круглянскі раён, дзе злучылася з партызанскай брыгадай 8‑й Круглянскай.

Аперацыя «Сава» закончылася 7 верасня 1942 г. правалам для карнікаў. Асноўныя сілы партызан выйшлі з блакады і працягвалі наносіць адчувальныя ўдары па самых важных камунікацыях праціўніка.


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Карательные акции в Беларуси: посвящается 65‑летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков / сост.: В. Я. Герасимов, С. М. Гайдук, И. Н. Кулан. – Минск: «ОДО» Сталия, 2008.

  3. Геноцид белорусского народа. Карательные операции: в 2 ч. / Редкол.: под общ. ред. А. И. Шведа. – Минск: Беларусь, 2023–2024.