«ГРЫФ» № 30

Дата стварэння: 17.08.2023 13:44:16

Дата змены: 01.03.2024 09:45:02


«Грыф» № 30 («Greif»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Аршанскім, Багушэўскім і Сенненскім раёнах Віцебскай вобласці 16–30 жніўня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

З’яўлялася часткай плана акупантаў па «ачыстцы і ўціхамірванні» вялікага лясіста-балоцістага раёна, які прымыкаў да шашэйных і чыгуначных камунікацый у трохвугольніку Віцебск — Орша — Смаленск (гл. таксама «Брэслау», «Рысь», «Сава № 38»).

Праводзілася сіламі 13‑га, 14‑га паліцэйскіх, 61‑га ахоўнага, 638‑га французскага, 257‑га пяхотнага палкоў, артылерыйскіх і жандарскіх падраздзяленняў, спецыяльнага батальёна «доктара Кнобліка з ударнай матарызаванай часцю», групы паліцыі бяспекі і СД, роты сапёраў і сувязі. Кіраваў аперацыяй камандзір 286‑й ахоўнай дывізіі генерал-маёр І.‑Г. Рыхерт.

З раёна Орша — Чарнаручча — Любавічы 17 жніўня перайшоў у наступленне 14‑ы паліцэйскі полк, з раёна Орша — Лепель — Узрэчча наступаў 61‑ы ахоўны полк, з поўначы раён аперацыі быў блакіраваны 13‑м палком і групай Піча.

Партызаны 6 дзён вялі бязлітасныя баі супраць карнікаў. У дні блакады камандуючым усімі партызанскімі сіламі Аршанскай зоны быў прызначаны В. У. Бойка. 22 жніўня партызанскія брыгады К. С. Заслонава, К. В. Зюкава (знаходзілася ў стадыі фарміравання), Багушэўская і «Аляксея», атрады «Меч», «Быстры», Н. I. Талеркі, I. А. Яцыны, [Н. В.] Сакалова, Ф. Ф. Азміцеля, атрад смаленскіх партызан пад камандаваннем М. В. Антоненкава ўмелым і рашучым манеўрам прарвалі блакаду і выйшлі ў Адамаўскі лес (за 10–12 км на ўсход ад г. Сянно).

Карнікі да 30 жніўня 1942 г. лютавалі ў Аршанскім і Багушэўскім раёнах. У ходзе аперацыі фашысты загубілі каля 900 старых, жанчын і дзяцей, 910 чалавек вывезлі ў Германію, забралі ў насельніцтва больш за 1 700 галоў жывёлы, спалілі некалькі вёсак, у т. л. Бортнікі, Марозаўка, у в. Гарка́ва Віцебскага pаёна расстралялі 19 чалавек.

Пасля вайны камандуючы карнай аперацыяй «Грыф» генерал-лейтэнант І.‑Г. Рыхерт за свае ваенныя злачынствы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі быў прыгавораны да смяротнага пакарання на Мінскім судовым працэсе 1946 г. (гл. Судовыя працэсы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых).