Дата стварэння: 01.03.2023 15:43:08
Дата змены: 11.09.2024 14:50:24
Партыза́нская брыга́да 120‑я (партыза́нскі атра́д 120‑ы)
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
У ліпені 1942 г. на базе ініцыятыўнай групы, вылучанай 345‑м атрадам, створаны атрад 120‑ы. У лістападзе — снежні 1942 г. атрад уваходзіў у партызанскую брыгаду 3‑ю Бярэзінскую, потым дзейнічаў як спецатрад Клічаўскага падпольнага райкама КП(б)Б, з красавіка 1943 г. зноў у складзе брыгады, з ліпеня 1943 г. — асобны атрад Бярэзінскай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны рабілі дыверсіі на чыгуначным участку Жодзіна — Чырвоны Сцяг, шашы Мінск — Магілёў. У аперацыі «Рэйкавая вайна» на ўчастку Дашкаўка — Быхаў падарвалі больш за 500 рэек. У лютым і маі 1943 г. вялі абарончыя баі. У красавіку 1943 г. разграмілі варожы апорны пункт у в. Журавок, у лістападзе 1943 г. — у в. Капланцы. У снежні 1943 г. правялі засадны бой каля в. Кукарава Бярэзінскага раёна.
Разам з часцямі Чырвонай арміі, якія наступалі, партызаны наносілі ўдары па варожых войсках, у т. л. каля в. Галынка 2 ліпеня 1944 г.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант у яго склад уваходзілі 632 партызаны. Пасля злучэння Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў 120‑ы атрад як брыгаду ў складзе чатырох атрадаў са жніўня 1943 г.
Камандзіры: Г. М. Архіпец, К. А. Баранаў, I. А. Баранаў; камісары: I. П. Сакалоўскі, М. М. Барысёнак, А. Б. Маркоўскі; начальнікі штаба: К. А. Баранаў, В. Я. Буры, М. Д. Каралеўскі.