Дата стварэння: 24.10.2023 09:19:43
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
Друка́рні Мі́нскага парты́йнага падпо́лля
Першая падпольная друкарня створана ў акупіраваным Мінску ў снежні 1941 г. Мінскім падпольным гаркамам КП(б)Б на вуліцы Астроўскага, 7 (у скляпенні былога клуба Асаавіяхіма, цяпер вуліца Ракаўская). Адказным за работу друкарні быў прызначаны М. Б. Чыпчын.
Шрыфты і іншыя матэрыялы вынеслі з нямецкай друкарні «Прарыў» (да вайны друкарня Беларускай ваеннай акругі) С. А. Гардзей, М. I. Іваноў, М. С. Паланейчык, Г. В. Суслава, К. К. Трошын, I. С. Удод. У гэтай друкарні выпускаліся перыядычны лісток «Вестник Родины» і лістоўкі.
Адначасова на кватэры падпольшчыка і камуніста Д. I. Бязмена друкаваліся вышэйназваны «Вестник Родины» і лістоўкі са зводкамі Саўінфармбюро, быў выпушчаны зварот «Да працоўных акупіраваных савецкіх раёнаў» (4.2.1942). Шрыфты для гэтай друкарні здабылі У. У. Карповіч і А. А. Каранькоў.
У канцы 1941 г. падпольная група ў складзе камуніста А. А. Маркевіча (кіраўнік), Г. С. Ананьевай, В. Г. Іванова, П. А. Саковіча, Л. Г. Флейшар на самаробным шапірографе, устаноўленым у кватэры А. А. Маркевіча, надрукавала лістоўку аб разгроме нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой. У студзені 1942 г. гэтая група наладзіла выпуск газеты «Патриот Родины».
Паводле рашэння Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б, з мая 1942 г. на канспіратыўнай кватэры пачала выдавацца газета «Звязда».
Пасля масавых арыштаў удзельнікаў Мінскага партыйнага падполля (верасень — кастрычнік 1942) друкарня Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б спыніла сваю дзейнасць.
Падпольшчыкі У. С. Казачонак, Х. М. Александровіч, якія пазбеглі арышту, перанеслі абсталяванне друкарні ў лазню на Ніжнім рынку (плошча 8 Сакавіка), дзе працаваў механікам падпольшчык П. К. Калейнікаў. Тут 18 кастрычніка 1942 г. выпушчаны зварот падпольнага гаркама партыі і камандавання Н-скай партызанскай брыгады да насельніцтва Беларусі.
З 2 лістапада 1943 г. у друкарні Мінскага падпольнага райкама КП(б)Б у прыгараднай в. Зарэчча Мінскага раёна выдавалася газета «Минский большевик» — орган Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б. Выйшла 25 нумароў газеты, агульным тыражом каля 10 тыс. экзэмпляраў.
Падпольныя газеты, лістоўкі, звароты і іншыя выданні, якія выпускаліся ў нелегальных друкарнях Мінскага партыйнага падполля, распаўсюджваліся сувязнымі партызанскіх брыгад і атрадаў, падпольшчыкамі чыгуначнага вузла. Яны інфармавалі савецкіх грамадзян аб становішчы на франтах Вялікай Айчыннай вайны, выкрывалі нямецка-фашысцкую прапаганду, паведамлялі аб злачынствах гітлераўцаў, заклікалі насельніцтва да барацьбы з захопнікамі.