Дата стварэння: 02.11.2023 16:40:46
Дата змены: 19.08.2025 10:59:59
Партыза́нская брыга́да імя́ В. I. Чапа́ева
Да восені 1943 г. брыгада называлася «Смерць фашызму».
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Ушацкага, Ветрынскага (скасаваны ў 1960, тэрыторыя цяпер у складзе Полацкага і Ушацкага раёнаў), Бешанковіцкага, Полацкага, Сіроцінскага (цяпер Шумілінскі) і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў чэрвені 1942 г. шляхам разгортвання асобнага атрада «Смерць фашызму» (арганізаваны ў маі 1942 з падпольных груп, якія дзейнічалі з лета 1941) у брыгаду пад той жа назвай. Былі сфарміраваны атрады 1‑ы (пазней імя М. В. Фрунзэ) і 2‑і (імя А. В. Суворава). У ліпені ў брыгаду ўліліся атрады А. І. Хіміна (створаны ў маі 1942, у брыгадзе 3‑і, пазней імя С. М. Кірава) і Ф. Ф. Дуброўскага (перайменаваны ў 9‑ы; у жніўні 1942 вылучаны з брыгады, на базе яго і асобнага атрада 68‑га створана партызанская брыгада Чашніцкая «Дубава»).
Былі сфарміраваны атрады: у верасні 1942 г. — 4‑ы (імя В. І. Чапаева), у кастрычніку 1942 г. — 5‑ы (з ліпеня 1943 — 3‑і, пазней імя С. Г. Лазо), 6‑ы (пазней імя Я. М. Свярдлова), у чэрвені 1943 г. — 7‑ы (імя М. І. Кутузава), імя М. А. Шчорса (з ліпеня 1943 — 4‑ы), імя Аляксандра Неўскага, імя В. С. Грызадубавай, імя Л. М. Даватара.
У ліпені 1943 г. брыгада была разбуйнена, атрады імя В. І. Чапаева, імя С. М. Кірава, імя Я. М. Свярдлова, імя В. С. Грызадубавай, імя Л. М. Даватара вылучаны з яе, на іх базе створана партызанская брыгада 2‑я Ушацкая імя П. К. Панамарэнкі.
У ліпені 1943 г. створаны атрады 6‑ы (2‑га складу, пазней імя М. Ф. Сільніцкага), 8‑ы (імя Р. І. Катоўскага), 9‑ы (2‑га складу, пазней імя В. П. Чкалава), 10‑ы (імя Багдана Хмяльніцкага), К. З. Карабкова, у снежні 1943 г. — імя Жалезняка, імя А. М. Матросава. У сярэдзіне лістапада 1943 г. атрады замест нумароў атрымалі назвы.
У жніўні 1943 г. з брыгады таксама вылучаны атрад пад камандаваннем К. З. Карабкова і перадыслацыраваны ў Вілейскую вобласць (пазней атрад 2‑і партызанскай брыгады імя М. I. Калініна Вілейскай вобласці). Дзеянні атрада імя А. М. Матросава пасля сакавіка 1944 г. не прасочваюцца. У красавіку 1944 г. атрад імя Жалезняка расфарміраваны, асабовы састаў перададзены атраду імя Аляксандра Неўскага.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк — Маладзечна, Полацк — Віцебск і шашэйных дарогах. У жніўні — верасні 1942 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Варонічы Ветрынскага раёна, знішчылі льнозавод, падарвалі масты цераз рэкі Ушача і Шоша; у ліпені 1943 г. разграмілі гарнізон у в. Фролкавічы Бешанковіцкага раёна, падарвалі мост цераз р. Ула. Удзельнічалі ў Пышнянскіх баях 1943 г., у Лепельскай аперацыі 1943 г. і яе састаўной частцы — Лепельскім баі 1943 г. У лістападзе 1942 г. і маі 1943 г. вялі баі супраць карнікаў каля вёсак Заскаркі, Далецкія, Шчаты, Заазер’е Ветрынскага раёна, разграмілі гарнізоны ў вёсках Шалкова, Шэлегаўка (май 1943, гл. Шалкова-Шэлегаўскі бой 1943 г.) Полацкага раёна. На ўчастку Полацк — Зябкі на лініі Полацк — Маладзечна падарвалі больш за 3 тыс. рэек.
У красавіку — маі 1944 г. у час блакады ворагам Полацка-Лепельскай партызанскай зоны вялі баі за ўтрыманне лініі абароны каля воз. Краснае, вёсак Канашы, Гаравыя, Саламір’е, Зыкова, Старынкі Ветрынскага раёна. У маі 1944 г. прарвалі варожую абарону ў раёне вёсак Паперына, Двор Пліна, Новае Сяло Ушацкага раёна (гл. Полацка-Лепельская бітва 1944 г.).
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня і 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. В. Фрунзэ, імя А. В. Суворава, імя С. Г. Лазо, імя М. А. Шчорса, імя Аляксандра Неўскага, імя М. Ф. Сільніцкага, імя М. І. Кутузава, імя Р. І. Катоўскага, імя В. П. Чкалава, імя Багдана Хмяльніцкага, у якіх налічвалася 1 295 партызан.
Камандзір брыгады У. В. Мельнікаў; камісары: М. I. Ястрабаў, I. Ф. Каранеўскі (загінуў); начальнікі штаба: М. В. Уткін, М. М. Пучкоў, В. М. Нікалаеў (выконваў абавязкі, загінуў).
Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад. У гонар брыгады ў г. п. Ушачы ў 1964 г. устаноўлена мемарыяльная дошка, каля в. Антунова Глыбачанскага сельсавета Ушацкага раёна ў 1974 г. пастаўлена стэла.