СУДОВЫЯ ПРАЦЭСЫ АБ ЗЛАЧЫНСТВАХ НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ І ІХ ПАМАГАТЫХ
pdf

СУДОВЫЯ ПРАЦЭСЫ АБ ЗЛАЧЫНСТВАХ НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ І ІХ ПАМАГАТЫХ

Дата стварэння: 02.11.2023 16:47:19

Дата змены: 04.03.2025 15:07:48


СУДОВЫЯ ПРАЦЭСЫ АБ ЗЛАЧЫНСТВАХ НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ І ІХ ПАМАГАТЫХ

Нацысцкія ваенныя злачынцы на лаве падсудных Мінскага судовага працэсу. Студзень 1946 г.

Судо́выя працэ́сы аб злачы́нствах няме́цка-фашы́сцкіх захо́пнікаў і іх памага́тых

Ажыццяўленне палітыкі генацыду на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі ў час Вялікай Айчыннай вайны патрабавала суровага пакарання асоб, вінаватых у зверствах і забойствах мірных жыхароў, ваеннапалонных і ў іншых цяжкіх злачынствах супраць чалавецтва. Урад СССР праз дыпламатычныя каналы раскрываў усяму свету звярынае аблічча германскага фашызму. Сусветнай грамадскасці сталі вядомыя ноты Наркамата замежных спраў СССР ад 25 лістапада 1941 г. «Пра абуральныя зверствы германскіх улад у адносінах да савецкіх ваеннапалонных», ад 6 студзеня 1942 г. «Пра паўсюднае рабаванне, страты насельніцтва і страшэнныя зверствы германскіх улад на захопленых імі савецкіх тэрыторыях», ад 27 красавіка 1942 г. «Пра страшэнныя злачынствы, зверствы і гвалт нямецка-фашысцкіх захопнікаў у акупіраваных савецкіх раёнах і пра адказнасць германскага ўрада і камандавання за гэтыя злачынствы». Юрыдычнай асновай пакарання стаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1943 г., які прадугледжваў крымінальную адказнасць нямецкіх ваенных злачынцаў і іх памагатых у выглядзе пакарання смерцю праз павешанне або катаржных работ на 15–20 гадоў.

Выяўленне даных пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых праводзіла Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў.

Першыя судовыя працэсы над ка́тамі з СД і СС, гестапа і здраднікамі Радзімы адбыліся ў 1943 г. у гарадах Краснадар (Расія), Краснадон і Харкаў (Украіна).

Пасля перамогі антыгітлераўскай кааліцыі над Германіяй у жніўні 1945 г. быў створаны Міжнародны ваенны трыбунал і аддадзеныя пад суд галоўныя ваенныя злачынцы (гл. Нюрнбергскі працэс).

У Беларусі адбыліся судовыя працэсы.

У Мінску 15–29 студзеня 1946 г. да пакарання смерцю праз павешанне асуджаны 14 былых ваеннаслужачых нямецкай арміі, у т. л. І.‑Г. Рихерт (генерал-лейтэнант, былы камандзір 286‑й ахоўнай, потым 35‑й пяхотнай дывізій, кіраўнік шэрагу карных аперацый і адзін з арганізатараў Азарыцкіх лагераў смерці), Э. Герф (генерал-маёр паліцыі, брыгадэфюрар СС, былы начальнік паліцыі парадку Беларусі), Г. фон Эрдмансдорф (генерал-маёр, былы камендант Магілёва і Магілёўскага ўмацаванага раёна), Г. Вайсіг (падпалкоўнік паліцыі, былы камандзір 26‑га паліцэйскага палка), Э. Фальк (капітан, былы камандзір батальёна 26‑га паліцэйскага палка), Р. Мол (маёр, былы камендант мясцовай камендатуры г. Бабруйск Магілёўскай вобласці), К. Лангут (капітан, былы намеснік каменданта лагера савецкіх ваеннапалонных у Бабруйску), Г. Кох (оберштурмфюрар СС, былы начальнік паліцыі бяспекі ў гарадах Орша Віцебскай вобласці, Барысаў Мінскай вобласці, Слонім Баранавіцкай вобласці, актыўны ўдзельнік палітыкі генацыду), Б. Мітман, Ф. Гес, Р. Бурхард, А. Бітнер, Фішэр. Прыгавор прыведзены ў выкананне 30 студзеня 1946 г. на іпадроме ў прысутнасці каля 100 тыс. чалавек; чатырох былых нямецкіх ваеннаслужачых прыгаварылі да катаржных работ на тэрмін ад 15 да 20 гадоў.

У Гомелі 13–20 снежня 1947 г. былі асуджаны 16 былых ваеннаслужачых нямецкай арміі, у т. л. Э. фон Куроўскі (генерал-лейтэнант, былы камандзір 110‑й пяхотнай дывізіі), Г. Кальсдорфер (генерал-маёр, былы камандзір 254‑га пяхотнага палка 110‑й пяхотнай дывізіі), А. Кульмер (генерал-лейтэнант, камандзір 296‑й пяхотнай дывізіі, потым 43‑га армейскага корпуса), Г. Кламт (генерал-маёр, камандзір 260‑й пяхотнай дывізіі). У сувязі з тым, што 26 мая 1947 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР адмяніў смяротнае пакаранне для мірнага часу (адноўлена ў студзені 1950), Ваенны трыбунал усім падсудным вынес прысуд на 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры (вышэйшая мера пакарання таго часу).

У Бабруйску 28 кастрычніка — 4 лістапада 1947 г. да 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах асуджаны 21 былы ваеннаслужачы нямецкай арміі, у т. л. В.‑Ф. Окснер (генерал-лейтэнант, былы камандзір 31‑й пяхотнай дывізіі), Г. фон Траўт (генерал-лейтэнант, былы камандзір 78‑й пяхотнай штурмавой дывізіі), А.‑Э. Конрадзі (генерал-маёр, былы камандзір 36‑й пяхотнай дывізіі), Ё. Тарбук (генерал-маёр, былы камендант ваенна-палявой камендатуры № 660 у гарадах Вілейка, Глыбокае, Паставы Вілейскай вобласці), А. Кашынскі (обер-лейтэнант, былы мясцовы камендант г. п. Мар’іна Горка Мінскай вобласці), В. Янэцке (былы гарадскі камісар Мінска).

У Віцебску ў лістападзе 1947 г. былі асуджаны 10 ваенных злачынцаў, у т. л. Ф. Гальвітцэр (генерал пяхоты, былы камандзір 53‑га армейскага корпуса), Г. Шміт (палкоўнік, былы начальнік штаба 53‑га армейскага корпуса), А. Хітэр (генерал-лейтэнант, былы камандзір 206‑й пяхотнай дывізіі), К. Мюлер-Бюлоў (генерал-маёр, былы камандзір 246‑й пяхотнай дывізіі), Г. Дзільман (палкоўнік, былы камендант Віцебскага лагера ваеннапалонных).

Судовыя працэсы над вінаватымі ў злачынствах на тэрыторыі Беларусі адбыліся таксама: у 1945 г. у г. Бранск (Расія), дзе да пакарання смерцю асуджаны генерал-лейтэнант А. Гаман (былы камендант Бабруйска і Бабруйскага ўмацаванага раёна); у 1946 г. у г. Рыга (да пакарання смерцю асуджаны обергрупенфюрар СС Ф.‑А. Екельн, былы начальнік СС і паліцыі рэйхскамісарыята «Остланд», кіраўнік спусташальных карных аперацый «Зімовае чараўніцтва» і «Ота» на поўначы Віцебскай вобласці); у 1963 г. у г. Кобленц (Федэратыўная Рэспубліка Германія, над былымі супрацоўнікамі Мінскага СД) і інш.

Судовыя працэсы над злачынцамі, якія ўчынілі зверствы над мірнымі жыхарамі ў гады Другой сусветнай вайны праводзяцца ва ўсіх выпадках устанаўлення факта злачынства. Дваццаць трэцяя сесія Генеральнай Асамблеі ААН 26 лістапада 1968 г. прыняла Канвенцыю аб непрымяненні тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва.