ВЫПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ, палітыка і тактыка планамернага спусташэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі акупіраванай тэрыторыі СССР у Вялікую Айчынную вайну
pdf

«ВЫПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ»

Дата стварэння: 28.12.2023 13:48:15

Дата змены: 11.09.2024 14:53:38

«Вы́паленая зямля́»

Палітыка і тактыка планамернага спусташэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі акупіраванай тэрыторыі СССР.

Татальнае спусташэнне савецкай зямлі, масавае вынішчэнне і вываз людзей у рабства былі ўзведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі гітлераўскай Германіі. Гэта палітыка вынікала з чалавеканенавісніцкай нацысцкай ідэалогіі і планаў германскага мілітарызму, была загадзя распрацавана ва ўсіх дэталях, праводзілася з першых дзён нацысцкай акупацыі. Найбольш моцна яна праявілася ў перыяд карных аперацый нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх адступлення з тэрыторыі СССР.

Характэрны элемент тактыкі «выпаленай зямлі» — знішчэнне вёсак і іншых населеных пунктаў разам з жыхарамі. На тэрыторыі Беларусі больш як 11 тыс. сельскіх населеных пунктаў былі разбураны і спалены гітлераўцамі ў гады вайны, 5 290 з іх знішчана разам з усім або з часткай насельніцтва. Напрыклад, у Віцебскай вобласці акупанты спальвалі 243 вёскі двойчы, 83 — тройчы, 22 — чатыры і болей разоў; у Мінскай вобласці двойчы былі спалены 92 вёскі, тройчы — 40, чатыры разы — 9, пяць і болей разоў — 6 вёсак.

Ажыццяўляючы палітыку татальнага грабяжу, нацысты ў Беларусі знішчылі і вывезлі ў Германію больш за 10 тыс. адзінак прамысловай вытворчасці, разрабавалі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, адправілі ў Германію 2,8 млн галоў буйной рагатай жывёлы і 5,7 млн галоў дробнай жывёлы. У сельскай мясцовасці было спалена 1,2 млн пабудоў, у т. л. 500 тыс. калгасных i грамадскіх будынкаў i больш за 420 тыс. хат калгаснікаў i сялян-аднаасобнікаў. Цэлыя раёны ў Беларусі акупанты ператварылі ў зоны пустыні.

Так, у Суражскім раёне Віцебскай вобласці з 346 вёсак засталося толькі 5, у Лельчыцкім раёне Палескай вобласці з 7 562 дамоў сельскіх жыхароў уцалела 32. Асвейскі раён Віцебскай вобласці быў спалены амаль поўнасцю, а насельніцтва знішчана або вывезена ў Германію і Латвію.

На тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнiкi закатавалі, павесілі, расстралялі, спалілі жывымі каля 3 млн. савецкіх грамадзян i каля 380 тыс. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Гл. таксама Акупацыйны рэжым, Вываз на фашысцкую катаргу, «Ост», Населеныя пункты Беларусі, знішчаныя разам з жыхарамі ў 1941–1944 гг. нямецка-фашысцкімі захопнікамі.