Дата стварэння: 29.01.2024 11:54:54
Дата змены: 10.11.2025 11:50:14
Брэ́сцкая абласна́я антыфашы́сцкая арганіза́цыя
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны з мая 1942 г. да ліпеня 1944 г. на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі паўночных і цэнтральных раёнаў Брэсцкай вобласці і суседніх раёнаў Беластоцкай і Баранавіцкай абласцей на чале з Брэсцкім міжраённым «Камітэтам барацьбы з нямецкімі акупантамі», з ліпеня 1943 г. — Брэсцкім абласным антыфашысцкім камітэтам пад кіраўніцтвам Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б.
Для арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы насельніцтва супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у жніўні 1941 г. ЦК КП(б)Б накіраваў на Брэстчыну камуністаў, двух былых дзеячаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі — I. П. Урбановіча і дэпутата Вярхоўнага Савета БССР I. I. Жышку. У стварэнні і аб’яднанні ячэек у падпольныя раённыя антыфашысцкія арганізацыі ў вобласці ўдзельнічалі Я. М. Афанасьеў, А. М. Дурэйка, М. Е. Крыштафовіч, I. П. Лапін, М. В. Макарэвіч, М. Ф. Трында, В. В. Янушка і інш. Яны стварылі Камянецкі, Пружанскі, Ружанскі і Шарашэўскі раённыя антыфашысцкія камітэты. Наступным этапам дзейнасці антыфашыстаў-падпольшчыкаў Брэсцкай вобласці стала стварэнне 12 мая 1942 г. міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі», які накіроўваў работу падраённых і раённых антыфашысцкіх арганізацый, вялікую ўвагу надаваў разгортванню партызанскага руху, стварэнню ў партызанскіх атрадах партыйных і камсамольскіх арганізацый. Да восені 1942 г. антыфашысцкія арганізацыі і партызанскія атрады дзейнічалі ў Бярозаўскім, Брэсцкім, Камянецкім, Косаўскім, Поразаўскім, Пружанскім, Ружанскім, Шарашэўскім, а пазней і ў некаторых іншых раёнах Брэсцкай, Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей. Да лета 1943 г. 7 партызанскіх атрадаў, што дзейнічалі пад кіраўніцтвам «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі», налічвалі больш за 1400 чалавек, падпольныя антыфашысцкія арганізацыі — 540 чалавек. Са жніўня 1942 г. да ліпеня 1944 г. дзейнічала разгалінаваная Брэсцкая гарадская антыфашысцкая арганізацыя.
Падпольшчыкі праводзілі палітычную работу сярод насельніцтва, выкрывалі хлуслівую фашысцкую прапаганду, заклікалі да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З чэрвеня 1942 г. дзейнічала друкарня Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта. Раённыя антыфашысцкія камітэты працавалі пад кіраўніцтвам падпольных райкамаў партыі і ў цесным кантакце з імі. У ліпені 1943 г. на базе міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі» створаны Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт. Дзейнасць падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, а таксама рэарганізацыя кіраўніцтва абласной антыфашысцкай арганізацыяй актывізавалі работу яе нізавых звёнаў. З верасня 1943 г. да ліпеня 1944 г. колькасць членаў арганізацыі вырасла больш як у 3,5 разы. Са снежня 1943 г. абласны антыфашысцкі камітэт выдаваў газету «За Родину». Усяго Брэсцкай абласной антыфашысцкай арганізацыяй выдадзена 168 тыс. экзэмпляраў газет, лістовак, адозваў, зводак Саўінфармбюро і іншых матэрыялаў на беларускай, рускай, польскай і нямецкай мовах.
Вялікая ўвага надавалася папаўненню партызанскіх радоў. Так, Ружанская раённая антыфашысцкая арганізацыя за 1943 г. накіравала да партызан 250 чалавек (з іх 150 са зброяй), Жабінкаўская за студзень — сакавік 1944 г. — 100 чалавек. У Брэсцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Пружанскім, Шарашэўскім і іншых раёнах барацьба насельніцтва супраць акупантаў набыла ўсеагульны характар.
Падпольшчыкі забяспечвалі партызан прадуктамі, медыкаментамі, цёплай вопраткай, абуткам, зброяй, боепрыпасамі. Да канца 1942 г. толькі Косаўская і Поразаўская антыфашысцкія арганізацыі перадалі партызанам (па няпоўных даных) 10 кулямётаў, 18 аўтаматаў, больш за 200 вінтовак, каля 70 пісталетаў, 29 тыс. патронаў, шмат гранат і ўзрыўчаткі. У 1943 г. члены арганізацыі пераправілі партызанам больш за 400 вінтовак, звыш 60 кулямётаў і аўтаматаў, каля 90 гранат, 4,3 тыс. патронаў, вялікую колькасць узрыўчаткі. Падпальвалі ў маёнтках акупантаў склады, знішчалі сельскагаспадарчыя машыны, забіралі жывёлу, зрывалі выкананне паставак, удзельнічалі ў баявых аперацыях партызан. У жніўні 1942 г. разам з партызанамі яны разграмілі гарнізон ворага ў г. Косава, пазней — гарнізоны ў вёсках Була, Руднікі, Шчытна, на хутары Войтаў Мост.
Сумесная баявая дзейнасць партызан і антыфашыстаў узмацнілася пасля перадыслакацыі ў Брэсцкую вобласць партызанскіх брыгад «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, 8‑й пад камандаваннем С. Г. Жуніна, 99‑й імя Д. Ц. Гуляева, 150‑й імя Ф. М. Языковіча. У 2‑й палове 1943 г. члены Жабінкаўскай і Пружанскай арганізацый дапамаглі партызанам пусціць пад адхон 44 варожыя эшалоны. Напярэдадні 26‑й гадавіны Кастрычніка падпольшчыкі разбурылі 50 м дарогі Ружаны — Косава, у лютым 1944 г. вывелі са строю дарогу на в. Бялавічы, у маі 1944 г. разам з партызанамі атрада імя Дзімітрава — вялікі ўчастак дарогі Косава — Пружаны.
Перад вызваленнем Чырвонай арміяй тэрыторыі Брэсцкай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў арганізацыя аб’ядноўвала 422 ячэйкі, каля 2 тыс. падпольшчыкаў.
У барацьбе з ворагам загінулі сакратар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта І. П. Урбановіч, член камітэта М. Ф. Трында, сакратары раённых камітэтаў Л. Ждановіч, У. I. Паляшчук, Н. К. Сцепанюк, А. I. Астапчук, Ф. Я. Усік і інш.