pdf

МАГІЛЁЎСКАЕ НАРОДНАЕ АПАЛЧЭННЕ 1941 г.

Дата стварэння: 29.01.2024 11:58:54

Дата змены: 03.06.2025 15:15:39


МАГІЛЁЎСКАЕ НАРОДНАЕ АПАЛЧЭННЕ 1941 г.

Мемарыяльны знак у гонар байцоў студэнцкага атрада Магілёўскага народнага апалчэння ў вёсцы Благавічы Чавускага раёна.

МАГІЛЁЎСКАЕ НАРОДНАЕ АПАЛЧЭННЕ 1941 г.

Помнік на брацкай магіле апалчэнцаў у горадзе Магілёў (у скверы па вуліцы Лазарэнкі).

Магілёўскае наро́днае апалчэ́нне 1941 г.


Падрыхтоўка жыхароў да абароны г. Магілёў

У падрыхтоўцы абароны Дняпроўскай мяжы ў раёне Магілёва ў ліпені 1941 г. значная роля адводзілася мясцоваму насельніцтву. На работы па ўзвядзенні і ўладкаванні абарончых умацаванняў вакол горада было мабілізавана каля 15 тыс. добраахвотнікаў-гараджан: рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў, студэнтаў, камсамольцаў і піянераў. Штодня на будаўніцтва абарончых збудаванняў на ўскраіны горада выходзіла ад 6 да 15 тыс. чалавек. Так, 1 ліпеня 1941 г. на будаўніцтве ўмацаванняў вакол Магілёва працавала 6 320 чалавек мясцовага насельніцтва. Частку з іх арганізоўваў і накіроўваў на работы абласны ваенны камісарыят, а частка збіралася работнікамі міліцыі непасрэдна на вуліцах горада.

У працы па пераводзе ўсяго жыцця рэспублікі на ваенны лад органы ўлады кіраваліся дырэктывай Савета Народных Камісараў СССР (СНК СССР), Цэнтральнага камітэта (ЦК) Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) [ВКП(б)] ад 29 чэрвеня 1941 г. і дырэктывай ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і Савета Народных Камісараў БССР (СНК БССР) ад 30 чэрвеня 1941 г., а таксама рашэннем Магілёўскага абкама КП(б)‌Б, у якіх патрабавалася ператварыць краіну ў адзіны ваенны лагер, падпарадкаваць усю дзейнасць патрэбам фронту, звяртаючы галоўную ўвагу на ваенна-мабілізацыйную працу.

Пасля выступлення па радыё 3 ліпеня 1941 г. старшыні Дзяржаўнага камітэта абароны І. В. Сталіна, у Магілёве атрымалі вуснае ўказанне ЦК КП(б)‌Б аб стварэнні ў горадзе атрадаў народнага апалчэння. У той жа дзень ЦК КП(б)‌Б і СНК БССР пераехалі з Магілёва ў г. п. Лёзна Віцебскай вобласці.

Пасля прыняцця дырэктывы аб арганізацыі атрадаў народнага апалчэння, 5 ліпеня на пасяджэнні гарадскога камітэта партыі быў створаны і зацверджаны штаб народнага апалчэння г. Магілёў на чале з другім сакратаром гаркама партыі А. І. Марозавым. У штаб увайшлі адказны сакратар гарвыканкама [А. І.] Зільберман, загадчык гарана П. Е. Цярэнцьеў, загадчык гарздраўаддзела Н. Ю. Шпалянскі, загадчык ваеннага аддзела гаркама партыі [Н. Д.] Смірноў, сакратар гаркама камсамола П. Ф. Валожын, старшыня аблсавета Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву (ТСААВІЯХІМ) [І. М.] Аруін. На другі дзень, 6 ліпеня, кіраўніцтва БССР накіравала ўсім партыйным і савецкім органам дырэктыву аб арганізацыі атрадаў народнага апалчэння.

Штаб апалчэння камплектаваў групы з актывістаў-добраахвотнікаў і накіроўваў у аблваенкамат, адкуль ваенкам палкоўнік І. П. Ваяводзін размяркоўваў іх на пазіцыі, дзе патрабавалася больш людзей. З гараджан, якія знаходзіліся ў горадзе і не падлягалі першачарговаму прызыву (1905–1918 г. н.), на прадпрыемствах Магілёва былі створаны такія групы, роты, атрады, батальёны народнага апалчэння. Можна налічыць да 18 прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый горада, дзе яны фарміраваліся. У ліку іх — фабрыка штучнага валакна (камандзір [А. А.] Лебедзеў, камісар А. В. Шчарбакоў), трубаліцейны завод (камісар В. Б. Пятроўскі), атрад прадпрыемстваў і ўстаноў Магілёва (П. Е. Цярэнцьеў), цагельны завод № 7, аўтарамонтны, косцеперапрацоўчы, гарбарны заводы, завод для сушкі агародніны, піўзавод, хлебазавод, торфазавод «Грабянёва», чыгуначны вузел, педінстытут і інш. Апалчэнцы адыгралі важную ролю ў Магілёва абароне 1941 г.


Колькасць і ўзбраенне апалчэнцаў

Колькасць магілёўскіх апалчэнцаў у розных крыніцах ацэньваецца ад 2 да 14 тыс. чалавек. Найбольш імаверная колькасць апалчэнцаў у Магілёўскай вобласці — каля 5 тыс. чалавек.

Вядома, што з апалчэнцаў у Магілёве ў пачатку ліпеня было ўзброена толькі 600 чалавек. Да 14 ліпеня ім даставілі яшчэ 500 вінтовак, патроны, гранаты і 5 кулямётаў. Акрамя атрадаў дарослых, з камсамольцаў і піянераў былі створаны «групы юных падпальшчыкаў танкаў». Меркавалася, што яны павінны былі спальваць варожыя танкі, закідваючы іх бутэлькамі з гаручай вадкасцю. Былыя школьнікі збіралі бутэлькі і дапамагалі разліваць у іх вадкасць.

Узбраенне атрадаў у першыя дні абароны складала адна вінтоўка на некалькі чалавек. Зброю даводзілася збіраць у параненых, якія дастаўляліся ў шпіталь. Сярод кіраўнікоў штаба існавала меркаванне, што зброю трэба здабываць у фашыстаў і ёй жа «забіваць іх усюды, дзе заспееш, забіваць чым папала: сякерай, касой, ломам, віламі, нажом».

Становішча крыху палепшылася, калі да 10 ліпеня па ўказанні начальніка гарнізона апалчэнцам перадалі каля 300 вінтовак са склада кіравання НКУС — НКДБ. Акрамя таго, у горад па просьбе першага сакратара абкама партыі І. М. Макарава прыбыло некалькі вагонаў з вінтоўкамі, якія таксама былі выдадзены байцам зводных батальёнаў 172‑й дывізіі і атрадаў народнага апалчэння.

На працягу тыдня (да 7.7.1941) воінскімі часцямі, якія прыбылі, і мясцовым насельніцтвам вакол Магілёва была створана лінія ўмацаванняў працягласцю да 25 км, выкапаны супрацьтанкавы роў, акопы, траншэі. Абарончыя збудаванні ствараліся і ў горадзе — на вуліцах, скрыжаваннях, плошчах. Уезды ў горад барыкадаваліся, на ніжніх паверхах дамоў на ўскраінах ладзіліся артылерыйскія пазіцыі, на другіх і трэціх — байніцы, на дахах — кулямётныя пляцоўкі. Дарогі, якія ідуць на Магілёў з Мінска і г. Бабруйск, былі прыкрыты сістэмай супрацьтанкавай абароны. На імаверных напрамках прарыву танкаў ствараліся мінныя палі і вызначаліся зоны загараджальнага агню. Усімі работамі ў магілёўскім абарончым раёне кіравалі палкоўнік М. А. Захар’еў і інжынер 172‑й дывізіі маёр І. П. Талмачоў.


Абарончая бітва атрадаў народнага апалчэння на подступах да Магілёва

Цяжкія баі вялі рабочыя трубаліцейнага завода 21–25 ліпеня. Іх атрад трымаў абарону ў раёне чыгуначнай станцыі Магілёў. Іншы атрад гэтага завода змагаўся ў раёне мясакамбіната. Тут баявымі памочнікамі артылерыстаў, якія вынеслі асноўны цяжар барацьбы з танкамі, сталі апалчэнцы. Рабочы [П. Б.] Бурскі бутэлькамі з гаручай сумессю падпаліў нямецкі танк, [І. В.] Бальцэвіч і [Е. Л.] Ракуць — 3 бронемашыны.

У сярэдзіне ліпеня ўчастак паміж Шклоўскай шашой і р. Дняпро ў раёне в. Палыкавічы (цяпер аграгарадок) пасля баёў 7–8 ліпеня абараняўся толькі дзвюма зводнымі ротамі тульскіх апалчэнцаў, рабочых цагельнага і трубаліцейнага заводаў Магілёва і ротай міліцыі. Усе гэтыя падраздзяленні былі слаба абучаныя ў ваенных адносінах, многія не ўмелі нават карыстацца вінтоўкамі і вучыліся тут жа ў акопах. Да пачаткоўцаў-цывільных прымацоўваліся вопытныя байцы, якія навучалі іх абыходжанню са зброяй і гранатамі.

Яркай старонкай у гісторыю абароны горада ўвайшла самаадданая барацьба і трагічная гібель у Чавускім раёне групы студэнтаў Магілёўскага педінстытута. Студэнты выпускных курсаў з пачаткам вайны атрымалі вінтоўкі і неслі баявую службу па ахове найважнейшых аб’ектаў горада. Першы сакратар ЦК ЛКСМБ М. В. Зімянін (былы студэнт Магілёўскага педінстытута), знаходзячыся з урадам у Магілёве, уключыў у 1‑ы Камуністычны знішчальны батальён, які тады фарміраваўся, камсамольскі актыў педінстытута. Штаб батальёна размясціўся ў г. Чавусы, а ўзводы апалчэнцаў з 6 ліпеня былі разгрупаваны ў буйных населеных пунктах на ўсходнім плацдарме магілёўскай абароны.

У баі з немцамі ў в. Благавічы Чавускага раёна 15 ліпеня 1941 г. загінулі палітрук роты апалчэнцаў былы сакратар Уздзенскага райкама партыі [Е. Е.] Яськоў і 10 студэнтаў — байцоў знішчальнага атрада. У адпаведнасці са спісам былога Рэспубліканскага партархіва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ вядомы іх імёны: Высоцкі Канстанцін Канстанцінавіч (г. п. Краснаполле Магілёўскай вобласці), Гіршык Гірш Беніцыянавіч (Гомельская вобласць), Казіміраў Яўген Нікіфаравіч (г. Магілёў), Кашын Хонан Шлёмавіч (г. Магілёў), Корбут Міхаіл Пятровіч (Слуцкі раён), Костка [Кастко] Мікалай Андрэевіч (г. Магілёў), Навіцкі Іван Андрэевіч (Крычаўскі раён), Сахортаў Іцка Шаламовіч (г. Орша), Хропік Мікалай Фёдаравіч (Барысаўскі раён), Шыцікаў Іван Лукіч (Быхаўскі раён).

У 2004 г. на месцы гібелі студэнцкага атрада апалчэнцаў у в. Благавічы Чавускага раёна ўстаноўлены мемарыяльны знак.

Адзін з апошніх рубяжоў абароны Магілёва з 21 па 25 ліпеня знаходзіўся на вале Чырвонай Зоркі (цяпер вул. Архірэйскі Вал Каніскага). Асноўны цяжар баёў тут лёг на народнае апалчэнне на чале з начальнікам гарадскога штаба А. І. Марозавым, абласным ваенным камісарам палкоўнікам І. П. Ваяводзіным і іх памочнікамі П. Е. Цярэнцьевым, [І. Л.] Хаўкіным і А. А. Эстэркіным. Тут жа займалі абарону і асобныя гарматныя разлікі часцей Чырвонай арміі.


Баі атрадаў апалчэнцаў у горадзе

Падраздзяленням 9‑га Патсдамскага палка 23‑й пяхотнай дывізіі вермахта (генерал Г. Гельміх) 22 ліпеня ўдалося адцясніць ад Дняпра 747‑ы стралковы полк 172‑й стралковай дывізіі Чырвонай арміі, а з боку в. Лупалава захапіць аэрадром і дарогі да дняпроўскага моста. Праціўнік не спыняў атакі, спрабуючы захапіць мост і ўварвацца ў цэнтр горада. У час аднаго з нападаў яму ўдалося прарвацца на правы бераг і замацавацца. Каля 12 гадзін дня, папярэдне абстраляўшы з гармат вал, немцы пайшлі ў чарговую атаку на мост. Некаторыя з іх паспелі яго перабегчы. Счакаўшы момант, абаронцы адкрылі кулямётны агонь з вала і парку імя М. Горкага, знішчыўшы мноства варожых салдат. Палкоўнік І. П. Ваяводзін, знаходзячыся ў траншэях на вале, асабістым прыкладам натхняў апалчэнцаў і байцоў. Кулямётным агнём і штыкавымі атакамі 23 ліпеня апалчэнцы з чырвонаармейцамі знішчылі большую частку 10‑й роты 67‑га палка 23‑й пяхотнай дывізіі вермахта і 1‑га батальёна Патсдамскага палка. Ацалелыя гітлераўцы адышлі і замацаваліся на левым беразе каля паўднёвай часткі моста. Цяпер пераправа знаходзілася пад прыцэлам з абодвух берагоў Дняпра — савецкага і нямецкага. Забітыя і параненыя заставаліся на мосце, з-за шчыльнага кулямётнага і снайперскага агню вынесці іх не было магчымасці. Бой за мост доўжыўся да 25 ліпеня.

На вяршыні ратушы на Савецкай плошчы лунаў Чырвоны сцяг, замацаваны апалчэнцамі. Некалькі разоў збіты асколкамі снарадаў, сцяг падаў, але зноў і зноў А. А. Эстэркін падымаў яго на шпілі ратушы. У баі А. А. Эстэркін быў смяротна паранены, але сцяг працягваў лунаць над горадам.

Легендарным стаў подзвіг невядомага салдата-кулямётчыка, які страляў з ратушы ў ворага да сваёй гібелі. Яго спарахнелыя астанкі былі знойдзены пасля вайны пры абследаванні вежы ратушы. На трэцім паверсе, сярод абломкаў сцен, ляжаў шкілет чалавека з рэшткамі чырвонаармейскай формы, а побач з ім знаходзіўся праржавелы кулямёт.

Трое сутак вораг спрабаваў прарвацца ў цэнтр горада праз мост, але ўсе спробы былі безвыніковымі.

Вялікія страты панеслі і абаронцы вала Чырвонай Зоркі. Разам з камандзірам, інспектарам аддзялення ДАІ Д. С. Вольскім, загінуў атрад міліцыянераў. Многія з апалчэнцаў былі паранены, але заставаліся ў акопах. На пазіцыях кругласутачна працавалі медыцынскія сёстры, у акопах знаходзіліся сотні параненых. Вал заставаўся непрыступным.

У зводках штаба групы армій «Цэнтр» за 22–24 ліпеня адзначалася, што ў раёне Магілёва «часці рускіх адчайна абараняюцца і наступ 23‑й і 7‑й дывізій зацягваецца».

Знішчыць мост цераз Дняпро планавалася двума спосабамі: шляхам падрыву альбо шляхам падпалу. Для другога спосабу ўздоўж крокваў моста паставілі па дзве-тры бочкі з газай і мазутам. Падчас бою агнём з кулямётаў і аўтаматаў бочкі былі прабіты і гаручае выцекла. Прынялі рашэнне падарваць мост. Аднак электравыбухная сетка таксама была пашкоджана. Камандзір групы некалькі разоў безвынікова пасылаў сапёраў пад мост для наладжвання сеткі. Паправіць электрычную сетку выбухной прылады падахвоціўся хлопчык гадоў дзесяці-дванаццаці. Яму ўдалося пралезці там, дзе не змаглі прайсці дарослыя, і зрасціць правады. Уначы адзін з пралётаў моста быў падарваны.

У справаздачы нямецкі генерал Г. Гельміх адзначыў: «У той дзень уздоўж Дняпра ляжаў густы туман, бачнасць складала ўсяго некалькі метраў. Гэта дало магчымасць падабрацца незаўважаным аховай 9‑га пяхотнага палка да паўночнай часткі амаль 200‑метровага моста. Полк не змог перашкодзіць рускім падарваць мост пры дапамозе пакінутых раней, але не выяўленых [немцамі] выбуховых прыстасаванняў».

Народныя апалчэнцы сваёй адвагай заслужылі высокую ацэнку камандзіра 61‑га стралковага корпуса генерала Ф. А. Бакуніна: «Падраздзяленні народнага апалчэння, міліцыі, войскаў НКУС па сваіх баявых якасцях не саступалі найлепшым падраздзяленням 172‑й дывізіі».

Упартая стойкасць савецкіх байцоў і апалчэнцаў у абароне, як і адчайныя атакі з ходу, што былі дрэнна спланаваны і вельмі дорага абыходзіліся, мелі важнае значэнне ў будучым. Менавіта так у 1941 г., праяўляючы самаахвярнасць і асабістую мужнасць, пад Магілёвам савецкія войскі і гараджане бясстрашна нішчылі наступаючыя злучэнні вермахта.

У Магілёве памяць пра апалчэнцаў увекавечана ў назве вуліцы Народнага Апалчэння; на вул. Лазарэнкі на брацкай магіле гараджан-апалчэнцаў —абаронцаў горада ўстаноўлена стэла.