Дата стварэння: 12.04.2023 10:32:37
Дата змены: 11.09.2024 15:08:53
Бабру́йск
Горад, цэнтр Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, порт на р. Бярэзіна. За 110 км на паўднёвы захад ад г. Магілёў, за 150 км ад Мінска; вузел чыгунак (лініі на Жлобін, Асіповічы, Акцябрскі) і аўтамабільных дарог (на Мінск, Магілёў, Рагачоў, Жлобін, Калінкавічы, Слуцк).
У 1944–1954 гг. цэнтр Бабруйскай вобласці.
У 1939 г. у Бабруйску было 84 078 жыхароў.
Ужо 22 чэрвеня 1941 г. Бабруйск быў падвергнуты бамбардзіроўцы нямецка-фашысцкай авіяцыяй.
Бабруйск акупіраваны 28 чэрвеня 1941 г., калі савецкія войскі былі вымушаны пакінуць горад.
На ўсходнім беразе Бярэзіны ў раёне Бабруйска жорсткія баі працягваліся яшчэ трое сутак. Абарончы рубеж Свіслач — Бабруйск — Парычы ўтрымлівалі часці 47‑га стралковага корпуса, 121‑й стралковай дывізіі, курсанты аўтатрактарнага вучылішча (намеснік начальніка вучылішча — палкоўнік Д. С. Чупрыгін), дарожна-эксплуатацыйны полк (усяго 3,7 тыс. чалавек) пад агульным камандаваннем камандзіра 47‑га стралковага корпуса генерал-маёра С. I. Паветкіна. Іх падтрымліваў 117‑ы асобны дывізіён процітанкавых гармат 68‑га стралковага корпуса. Частка сіл нямецкіх 3‑й і 4‑й танкавых дывізій Г. Гудэрыяна 29 чэрвеня фарсіравала Бярэзіну каля вёсак Шчаткава і Даманава (на поўнач і поўдзень ад горада), але была выбіта з захопленых плацдармаў. Штурмавы атрад савецкіх воінаў 30 чэрвеня пераправіўся цераз Бярэзіну і заняў Бабруйскую крэпасць, але не атрымаў дапамогі і вымушаны быў яе пакінуць. У раёне Шчаткава 30 чэрвеня нямецкія танкі фарсіравалі Бярэзіну па дне ракі. Праціўнік расшырыў плацдарм, пераправіў туды асноўныя сілы 3‑й танкавай дывізіі, мотапяхоту і артылерыю і пры падтрымцы авіяцыі атакаваў флангавыя часці савецкіх войск. Пад націскам намнога большых сіл праціўніка савецкія войскі адступілі з гэтага рубяжа і 1 ліпеня занялі абарону на р. Ала, пазней адышлі да г. Рагачоў.
Акупанты стварылі ў горадзе 4 лагеры смерці з васьмю філіяламі і аддзяленнямі, забілі ў горадзе і наваколлі больш за 44 тыс. мясцовых жыхароў (у т. л. да 25 тыс. у гета) і 40 тыс. ваеннапалонных (гл. Бабруйскі лагер смерці), 15 тыс. чалавек вывезлі на катаргу ў Германію. Напярэдадні вызвалення ў чэрвені 1944 г. у горадзе заставаліся 28 тыс. жыхароў.
За час акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі разбурылі Бабруйск, зруйнавалі ўсе прамысловыя прадпрыемствы. Горад стаў важным апорным пунктам варожай арміі, дзе камплектаваліся і фарміраваліся воінскія часці, дзейнічалі органы карна-разведвальных службаў.
У горадзе і раёне дзейнічалі: Бабруйскае партыйна-камсамольскае падполле, Бабруйскі падпольны міжрайкам КП(б)Б, Бабруйскі падпольны райкам КП(б)Б, Бабруйскі падпольны міжрайкам ЛКСМБ, Бабруйскі падпольны гаркам ЛКСМБ, Бабруйскі падпольны райкам ЛКСМБ; у раёне — партызанская брыгада 1‑я Бабруйская, партызанская брыгада 12‑я кавалерыйская імя І. В. Сталіна, партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, партызанская брыгада 37‑я імя А. Я. Пархоменкі, партызанскі полк 537‑ы, партызанскі атрад 100‑ы, партызанскі атрад 225‑ы, партызанскі атрад 540‑ы, партызанскі атрад П. А. Дудаля, партызанскі атрад «Храбрацы». Выдавалася падпольная газета «Бобруйский партизан», орган Бабруйскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Бабруйск вызвалены 29 чэрвеня 1944 г. воінамі 108‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр П. А. Церамаў) 41‑га стралковага корпуса; 23‑й (падпалкоўнік К. I. Бойка), 95‑й (палкоўнік А. I. Кузняцоў) і 108‑й (падпалкоўнік В. Н. Баранюк) танкавых брыгад; 8‑й мотастралковай брыгады (падпалкоўнік П. I. Трушкін) 9‑га танкавага корпуса 3‑й арміі; 137‑й (генерал-маёр Ф. М. Жабраў) і 399‑й (генерал-маёр Д. В. Казакевіч) стралковых дывізій 42‑га стралковага корпуса; 217‑й (палкоўнік М. П. Масонаў) і 102‑й (палкоўнік М. П. Паграбняк) стралковых дывізій 29‑га стралковага корпуса; 42‑га асобнага танкавага палка (падпалкоўнік С. I. Тыдэман); 713‑га (падпалкоўнік I. В. Васільеў), 1890‑га (падпалкоўнік С. Ф. Балыкоў) і 1897‑га (падпалкоўнік М. П. Рыжанаў) самаходных артылерыйскіх палкоў; 13‑й лёгкай (палкоўнік Я. Я. Пухаў), 59‑й пушачнай (палкоўнік А. I. Юргелевіч) і 63‑й гаўбічнай (палкоўнік К. А. Папа) артылерыйскіх брыгад 22‑й артылерыйскай дывізіі прарыву 48‑й арміі; 354‑й (палкоўнік С. А. Удовін) і 356‑й (генерал-маёр М. Р. Макараў) стралковых дывізій; 115‑й асобнай стралковай брыгады (палкоўнік А. М. Волкаў) 105‑га стралковага корпуса; 15‑й (палкоўнік К. Р. Кажанаў), 16‑й (палкоўнік П. А. Лімарэнка) і 17‑й (палкоўнік Б. У. Шульгін) гвардзейскіх танкавых брыгад; 1‑й гвардзейскай мотастралковай брыгады (генерал-маёр Г. М. Філіпаў) 1‑га гвардзейскага танкавага корпуса; 354‑га гвардзейскага цяжкага (маёр Р. В. Волкаў) і 922‑га лёгкага (падпалкоўнік А. В. Сакалоў) самаходных артылерыйскіх палкоў 65‑й арміі; 1‑й брыгады рачных караблёў (капітан 2‑га рангу С. М. Лялько) Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі; часцямі 8‑га знішчальнага авіяцыйнага корпуса (генерал-лейтэнант авіяцыі А. С. Асіпенка) у складзе дзвюх авіяцыйных дывізій; 6‑га змешанага авіяцыйнага корпуса (палкоўнік М. X. Барысенка) у складзе знішчальнай і дзвюх бамбардзіровачных авіяцыйных дывізій; 3‑га бамбардзіровачнага авіяцыйнага корпуса (генерал-маёр авіяцыі А. З. Каравацкі) у складзе дзвюх авіяцыйных дывізій і 1‑й гвардзейскай знішчальнай авіяцыйнай дывізіі (падпалкоўнік У. В. Сухарабаў) 16‑й паветранай арміі пры ўдзеле авіяцыі далёкага дзеяння 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 г. Ганаровае найменне «Бабруйскія» нададзена 20 вайсковым часцям і злучэнням, якія вызвалілі Бабруйск (гл. Бабруйскія вайсковыя злучэнні і часці).
У Бабруйску знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан; падпольшчыкаў; савецкіх ваеннапалонных і ахвяр фашызму; магіла ахвяр фашызму; на магілах пастаўлены помнікі;
мемарыяльны комплекс «Ахвярам фашызму» на брацкай магіле савецкіх ваеннапалонных і ахвяр фашызму;
мемарыяльны комплекс на плошчы Перамогі, дзе пахаваны 6 савецкіх воінаў, у т. л. генерал-маёр Б. С. Бахараў, на магіле якога пастаўлены помнік-танк;
мемарыял у гонар воінаў, якія загінулі пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (створаны на брацкай магіле савецкіх воінаў на гарадскіх могілках, уключае ў сябе манумент «Георгій Перамаганосец»);
мемарыял баявой славы ў гонар танкістаў-дняпроўцаў;
помнік савецкім воінам-вызваліцелям;
помнік савецкім танкістам;
помнік у гонар воінскіх часцей, што вызначыліся пры вызваленні Бабруйска;
помнік воінам 1‑га Беларускага фронту (у гонар вызвалення горада);
помнікі работнікам машынабудаўнічага завода імя У. I. Леніна і работнікам фанерна-дрэваапрацоўчага камбіната, што загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў;
помнік партызанам і падпольшчыкам Бабруйска, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
помнік Герою Савецкага Саюза В. З. Харужай;
мемарыяльны знак у гонар Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі;
мемарыяльны знак «Вязням Бабруйскага гета»;
мемарыяльны знак «Ад жыцця да жыцця» (ахвярам Халакосту);
мемарыяльны знак у гонар Бабруйскай 108‑й стралковай дывізіі;
мемарыяльны знак у гонар бабруйчан, якія загінулі на франтах і ў тыле ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
мемарыяльны знак у гонар увекавечання памяці былых работнікаў ААТ «Белшына» — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны;
Алея Праведнікаў (у гонар беларусаў, якія ратавалі яўрэяў);
Алея Герояў;
мемарыяльныя дошкі падпольшчыкам, Героям Савецкага Саюза П. І. Батаву, К. П. Арлоўскаму, У. І. Ермаку, Д. М. Карбышаву.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 горад Бабруйск узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».