ПІНСКАЯ РАЧНАЯ ВАЕННАЯ ФЛАТЫЛІЯ, у Вялікую Айчынную вайну
pdf

ПІНСКАЯ РАЧНАЯ ВАЕННАЯ ФЛАТЫЛІЯ

Дата стварэння: 29.01.2024 12:03:17

Дата змены: 03.06.2025 15:53:48


location Google location Yandex

Помнік маракам Пінскай рачной ваеннай флатыліі


ПІНСКАЯ РАЧНАЯ ВАЕННАЯ ФЛАТЫЛІЯ, у Вялікую Айчынную вайну

Помнік маракам Пінскай рачной ваеннай флатыліі ля вёскі Берагавая Слабада Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Пі́нская рачна́я вае́нная флаты́лія

1. Фарміраванне Ваенна-Марскога Флоту (ВМФ) Расіі на р. Прыпяць у лютым — лістападзе 1916 г.


2. Фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у лютым 1919 г. — жніўні 1920 г. У 1921–1922 гг. зноў сфарміравана і папоўнена новымі караблямі. База — г. Пінск (адсюль і назва). З кастрычніка 1931 г. стала называцца Рачной флатыліяй ВМФ Польшчы. Напярэдадні Другой сусветнай вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 5 манітораў, 3 кананерскія лодкі, 15 узброеных катэраў і інш.). З пачаткам Другой сусветнай вайны (1.9.1939) польскае камандаванне спрабавала перакінуць караблі флатыліі на р. Вісла ў дапамогу сухапутным войскам, але гэта не ўдалося ажыццявіць з прычыны мелкаводдзя Каралеўскага (цяпер Дняпроўска-Бугскага) канала. Таму караблі флатыліі вялі проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз рэкі Піна, Прыпяць і Ясельда. Усе караблі флатыліі 17–21 верасня 1939 г. былі затоплены сваімі экіпажамі па загадзе польскага камандавання ў сувязі з паходам Чырвонай арміі і Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі на тэрыторыю Заходняй Беларусі (польскім войскам быў дадзены загад з савецкімі войскамі не ваяваць, а з немцамі працягваць барацьбу). Да 12 лістапада 1939 г. караблі былі падняты савецкімі маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай флатыліі.


3. Фарміраванне Ваенна-Марскога Флоту СССР на р. Днепр і яго прытоках (рэках Прыпяць, Бярэзіна і інш.) у чэрвені 1940 г. — кастрычніку 1941 г. Галоўная база — Пінск, тылавая — Кіеў. Флатылія пачала стварацца на базе расфарміраванай Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі згодна з загадам № 00184 ад 17 чэрвеня 1940 г. Народнага камісара Ваенна-Марскога Флоту СССР адмірала М. Г. Кузняцова (па звестках сучаснага львоўскага даследчыка В. А. Спічакова, Дняпроўская флатылія была перайменавана ў Пінскую 17.7.1940). Камандуючы — контр-адмірал Д. Д. Рагачоў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, акрамя дапаможных суднаў (баржы, буксіры, газаходы, шпітальныя судны і транспарты, плывучыя базы і інш.), налічвала 49 баявых караблёў (7 манітораў, 4 кананерскія лодкі, 30 бранякатэраў, 7 тральшчыкаў, мінны загараджальнік «Піна») і 2,3 тыс. чалавек асабовага саставу — чырванафлотцаў, старшын, камандзіраў і камісараў. Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Заходняй асобай ваеннай акругі (з 22.6.1941 — Заходні фронт).

З першых дзён вайны і да канца ліпеня 1941 г. флатылію папоўнілі мабілізаваныя караблі і судны грамадзянскага рачнога флоту, у т. л. 4 кананерскія лодкі, 2 катэры-тральшчыкі, 10 вартавых катэраў, 10 вартавых караблёў і 2 маніторы, якія перайшлі са складу Дунайскай рачной ваеннай флатыліі. У канцы чэрвеня — 1‑й дэкадзе ліпеня Пінская флатылія абараняла гарады Пінск, Лунінец, перапраўляла першыя партызанскія атрады. Сумеснай дырэктывай за № 8/145 Народнага камісара ВМФ СССР адмірала М. Г. Кузняцова і начальніка Генеральнага штаба Чырвонай арміі генерала арміі Г. К. Жукава 11 ліпеня 1941 г. флатылія была падзелена на 3 самастойныя атрады: Бярэзінскі (камандзіры: капітан 2‑га рангу Р. І. Брахтман і з 20.7.1941 капітан 3‑га рангу Я. З. Баст; камісар М. Д. Лысяк), Прыпяцкі (камандзір капітан-лейтэнант К. В. Максіменка, камісар К. Д. Дзюкаў) і Дняпроўскі (камандзір капітан 1‑га рангу І. Л. Кравец, камісар А. [Н.] Шохін). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады аператыўна былі падпарадкаваны камандуючаму Заходнім фронтам і вялі баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі на рэках Бярэзіна і Прыпяць, а Дняпроўскі атрад — камандуючаму Паўднёва-Заходнім фронтам і вёў баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны на рэках Днепр і Дзясна. Кожны з гэтых атрадаў меў, акрамя баявых караблёў, рухомую базу ў складзе некалькіх баржаў, на якіх знаходзіўся запас паліва і харчавання, а таксама плывучую майстэрню і іншыя плаўсродкі. Караблі ўсіх трох атрадаў абстрэльвалі са сваіх гармат занятыя праціўнікам прырэчныя населеныя пункты, абаранялі савецкія і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жніўня 1941 г. караблі Бярэзінскага і Прыпяцкага атрадаў прарваліся па Дняпры з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. У сувязі з адыходам Чырвонай арміі на ўсход ад Дняпра, 18 верасня 1941 г. ацалелыя караблі Пінскай флатыліі былі ўзарваны сваімі экіпажамі, а маракі ў складзе асобнага атрада і пад сваім сцягам Ваенна-Марскога Флоту СССР адважна змагаліся разам з акружанымі сухапутнымі войскамі. Тыя, хто трапіў у палон, не схілілі галовы перад нямецка-фашысцкімі захопнікамі (немцы расстралялі 10.1.1942 у Бабіным Яры ў Кіеве каля 100 чырванафлотцаў, старшын і камандзіраў Дняпроўскага атрада Пінскай флатыліі). Тыя, каму пашчасціла выйсці з акружэння, ваявалі затым у Волжскай рачной ваеннай флатыліі. У баях за Беларусь і Украіну летам — восенню 1941 г. Пінская флатылія страціла забітымі, памерлымі ад ран, прапаўшымі без вестак і параненымі 707 чалавек асабовага саставу. Народны камісар Ваенна-Марскога Флоту СССР адмірал М. Г. Кузняцоў 5 кастрычніка 1941 г. падпісаў загад аб яе расфарміраванні.

У 2000 г. каля в. Берагавая Слабада Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ўстаноўлены памятны знак «Маракам Пінскай флатыліі 1941 г.». Гэта першы і на сённяшні дзень адзіны помнік Пінскай рачной ваеннай флатыліі ў Рэспубліцы Беларусь.