pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 537-ы

Дата стварэння: 15.02.2024 14:41:08

Дата змены: 15.05.2025 15:24:03


Партыза́нскі полк 537‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Кіраўскага, Клічаўскага, Быхаўскага, Бабруйскага, Асіповіцкага раёнаў Магілёўскай вобласці і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Створаны ў кастрычніку 1943 г. на базе партызанскага атрада 537‑га.

У красавіку 1942 г. з падпольных груп Кіраўскага раёна створаны Кіраўскі партызанскі атрад, які ў чэрвені 1942 г. увайшоў у Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 537‑ы. Дзейнічаў самастойна, з лістапада 1942 г. у партызанскай брыгадзе 2‑й Клічаўскай, у сакавіку 1943 г. увайшоў у партызанскую брыгаду 9‑ю Кіраўскую, з ліпеня 1943 г. у складзе Кіраўскай ваенна-аператыўнай групы. У кастрычніку 1943 г. атрад налічваў 892 партызаны, пры разгортванні ў полк сфарміраваны 3 батальёны.

Партызаны самастойна і з іншымі атрадамі разграмілі варожыя апорныя пункты, у т. л. у вёсках Усохі Клічаўскага раёна (люты 1943), Жылічы, Любонічы і Падсёлы (сакавік 1943), Стаўпішчы (красавік 1944) Кіраўскага раёна. У чэрвені 1942 г. атрад у складзе Клічаўскага аператыўнага цэнтра 22 дні вёў баі за прарыў блакады і выхад з акружэння. Партызаны праводзілі аперацыі на варожых камунікацыях. У жніўні 1943 г. і чэрвені 1944 г. падарвалі 1,1 тыс. рэек. У чэрвені 1944 г. разам з атрадам 538‑м зрабілі налёт на варожыя апорныя пункты ў вёсках Выжары і Віленка Кіраўскага раёна, знішчылі штаб батальёна нямецкай 134‑й пяхотнай дывізіі, радыёвузел, 7 аўтамашын.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 27 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх змагаліся 1 302 партызаны.

Камандзір палка С. Д. Баркоўскі; камісар Ф. Ф. Дабравольскі; начальнікі штаба: А. А. Вязельшчыкаў, М. Н. Дрозд (загінуў), М. А. Леў.