pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 2‑я КЛІЧАЎСКАЯ

Дата стварэння: 31.05.2024 10:49:54

Дата змены: 11.09.2024 15:08:27

Партыза́нская брыга́да 2‑я Клі́чаўская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Бялыніцкага і Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створана ў лістападзе 1942 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра на базе 277‑га, 537‑га, 100‑га атрадаў і Кіраўскага спецатрада, у сакавіку 1943 г. арганізаваны атрады 277‑А і 227‑Б. У снежні 1942 г. Кіраўскі спецатрад перададзены ў непасрэднае падначаленне Кіраўскаму падпольнаму райкаму КП(б)‌Б, у сакавіку 1943 г. атрады 537‑ы і 100‑ы вылучаны для фарміравання партызанскай брыгады 9‑й Кіраўскай. У красавіку 1943 г. у склад брыгады ўключаны Клічаўскі спецатрад, які перайменаваны ў атрад 278‑ы. У красавіку 1943 г. брыгада перайшла ў падначаленне Магілёўскай ваенна-аператыўнай групе (абласной).

Партызаны вялі баі па абароне і расшырэнні Клічаўскай партызанскай зоны. У красавіку 1943 г. разграмілі гарнізоны ў вёсках Глыбокі Брод, Сямікаўка, Макаўка Бялыніцкага pаёна (гл. у артыкуле Бялыніцкія аперацыі 1943 г.), удзельнічалі ў разгроме варожага гарнізона ў в. Суша, у маі 1943 г. у прарыве блакады каля в. Усакіна Клічаўскага pаёна. Наносілі удары па варожых чыгуначных камунікацыях Прыяміна — Крупкі (Мінская вобласць, лінія Мінск — Орша), Магілёў — Жлобін, Асіповічы — Жлобін (Магілёўская і Гомельская вобласці).

Брыгада расфарміравана 20 мая 1943 г., на той момант налічвала 657 партызан. Атрады 277‑ы і 278‑ы перайшлі ў непасрэднае падначаленне Магілёўскай абласной ваенна-аператыўнай групе, атрады 277‑А і 277‑Б рэарганізаваны ў роты і ўключаны ў атрад 277‑ы.

Камандзіры брыгады: С. Ц. Токараў, I. З. Ізох; камісары: І. З. Ізох, Г. Л. Комар, А. Я. Шчыслёнак, К. Ф. Канавалаў; начальнікі штаба: I. М. Мароз, С. Ц. Токараў.