Дата стварэння: 15.03.2024 10:50:40
Дата змены: 11.09.2024 14:59:29
Партыза́нскi атра́д 25‑ы
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Быхаўскага, Бярэзінскага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў снежні 1942 г. на базе групы партызан, якія выдзелены па рашэнні Клічаўскага падпольнага райкама КП(б)Б у лістападзе 1942 г. з партызанскага атрада 278‑га Магілёўскай вобласці. Да 20 мая 1943 г. дзейнічаў у партызанскай брыгадзе 5‑й Клічаўскай Магілёўскай вобласці, потым самастойна. У ліпені 1943 г. асобны атрад Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны ўдзельнічалі ў баях каля вёсак Палосы, Бярозава Балота, Бёрда Клічаўскага раёна (люты 1944), каля г. п. Клічаў (май 1944), у разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Пагост Бярэзінскага раёна (красавік 1944), Казулічы (кастрычнік 1943, май 1944; гл. Казуліцкія баі 1943, 1944 гг.), Пацава Слабада (сакавік 1944; гл. Пацаваслабодскія баі 1943, 1944 гг.) Кіраўскага раёна, у аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначных участках Магілёў — Дашкаўка (жнівень 1943, гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.), Магілёў — Лотва (чэрвень 1944) на лініі Орша — Магілёў.
Атрад (222 партызаны) злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г.
Камандзіры атрада: С. I. Лосеў, А. I. Сафронаў, У. Г. Семянішын; камісары: А. М. Латышаў, В. П. Корабаў, П. М. Сідарэнка; начальнікі штаба: А. Д. Красноў, П. А. Кушнер.