pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 257‑ы

Дата стварэння: 15.03.2024 10:51:46

Дата змены: 21.07.2025 09:03:21


Партыза́нскi атра́д 257‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, Быхаўскага, Клічаўскага і Бярэзінскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створаны ў лютым 1943 г. па загадзе Клічаўскага аператыўнага цэнтра з дыверсійнай групы А. С. Язерскага, якая прыбыла ў Рагачоўскі раён з савецкага тылу ў верасні 1942 г., і групы партызан, вылучаных партызанскім атрадам 255‑м (гл. Партызанскі полк 255‑ы); дзейнічаў у складзе партызанскай брыгады 8‑й Рагачоўскай. У канцы лістапада 1943 г. перабазіраваўся з Рагачоўскага ў Клічаўскі раён. Атрад 12 сакавіка 1944 г. уключаны ў склад Рагачоўскай ваенна-аператыўнай групы.

Партызаны атрада праводзілі дыверсіі на чыгуначным участку Жлобін — Цялуша. У жніўні 1943 г. падарвалі 270 рэек, у маі — жніўні пусцілі пад адхон 9 варожых эшалонаў, знішчылі і пашкодзілі 15 аўтамашын, 3 масты, разграмілі 2 варожыя апорныя пункты. У ліпені, верасні, лістападзе 1943 г., лютым, маі 1944 г. вялі баі з карнікамі за прарыў блакады. У красавіку 1944 г. збілі варожы самалёт. У час падыходу часцей Чырвонай арміі 27 чэрвеня 1944 г. вялі баі з ворагам, які адступаў, у Шклоўскім і Бялыніцкім раёнах.

Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 27 чэрвеня 1944 г. у Бялыніцкім раёне, на той момант у ім налічвалася 414 партызан.

Камандзіры атрада: А. С. Язерскі, Я. А. Сяськоў; камісары: В. У. Паўлаў, М. Ф. Кавалёў; начальнік штаба М. К. Шавялёў.