pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 258‑ы

Дата стварэння: 15.03.2024 10:52:05

Дата змены: 21.07.2025 09:03:21


Партыза́нскi атра́д 258‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створаны ў сакавіку 1943 г. па ўказанні Рагачоўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б з групы партызан, вылучаных партызанскім атрадам 255‑м (гл. Партызанскі полк 255‑ы); дзейнічаў у складзе партызанскай брыгады 8‑й Рагачоўскай. У канцы лістапада 1943 г. перабазіраваўся з Рагачоўскага ў Клічаўскі раён. Атрад 12 сакавіка 1944 г. уключаны ў склад Рагачоўскай ваенна-аператыўнай групы.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначным участку Тошчыца — Рагачоў. У жніўні 1943 г. падарвалі каля 600 рэек, пусцілі пад адхон больш за 10 варожых эшалонаў, знішчылі і пашкодзілі 50 аўтамашын, разграмілі апорны пункт, збілі самалёт. Удзельнічалі ў баях супраць карнікаў у лютым 1944 г. каля в. Развадава Клічаўскага pаёна і ў чэрвені 1944 г. у Крупскім раёне.

Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант у ім налічвалася 512 партызан.

Камандзіры атрада: У. М. Кароткі, А. Я. Галашчапаў; камісар А. К. Мальцаў; начальнікі штаба: I. Л. Шыцікаў, М. Ц. Мядзведзеў, П. Д. Лукашоў.