Помнік на магіле ахвяр фашызму — 2 тыс. яўрэяў, расстраляных ва ўрочышчы Пагарэльцы каля гарадскога пасёлка Гарадзішча.
Гарадзі́шча
Гарадскі пасёлак у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, на р. Сэрвач. Знаходзіцца за 25 км на поўнач ад г. Баранавічы, за 230 км ад г. Брэст, за 155 км ад Мінска, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Мордзічы (на лініі Баранавічы — Ліда), на аўтадарозе Баранавічы — Навагрудак.
Да 1940 г. мястэчка.
У 1940–1962 гг. цэнтр Гарадзішчанскага раёна.
У 1935 г. у Гарадзішчы было 4 тыс. жыхароў.
У жніўні 1940 г. у Гарадзішчы акрамя мясцовага насельніцтва налічвалася 1 337 яўрэяў — бежанцаў з акупіраванай Германіяй Польшчы.
Гарадзішча акупіравана 24 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў раёне 8 739 чалавек, у т. л. у Гарадзішчы 4 тыс. мірных жыхароў (з іх 1 675 яўрэяў).
На тэрыторыі раёна дзейнічалі Гарадзішчанскі падпольны райкам КП(б)Б і Гарадзішчанскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада «25 гадоў БССР», партызанская брыгада Першамайская, партызанская брыгада імя А. В. Суворава, выдавалася падпольная газета «Партызан Беларусі», орган Гарадзішчанскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Гарадзішча вызвалена 8 ліпеня 1944 г. часцямі 323‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр В. Ц. Маслаў) 35‑га стралковага корпуса 3‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў час наступлення на баранавіцка-слонімскім напрамку ў перыяд Беларускай аперацыі 1944 г.
У Гарадзішчы знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза П. П. Едуноў), магіла партызанкі В. К. Залужнай, магілы ахвяр фашызму, на якіх устаноўлены помнікі;
магілы ахвяр фашызму ва ўрочышчы Пагарэльцы (за 2 км ад гарадскога пасёлка, за 0,5 км ад аўтадарогі ў бок в. Калдычэва) — больш за 2 тыс. яўрэяў з Гарадзішча і наваколля, у т. л. жыхароў вёсак Серабрышча і Тартакі (перапахаванне 2022); каля 200 цыганоў, расстраляных гітлераўцамі ў 1941 г.; вязняў Калдычэўскага лагера смерці; на магілах устаноўлены памятныя знакі;
мемарыяльныя дошкі сакратару Гарадзішчанскага райкама КП(б)Б У. А. Гуцаву (загінуў пры выкананні спецыяльнага баявога задання ў 1941), сакратару Гарадзішчанскага райкама КП(б)Б І. І. Загарацкаму (загінуў на фронце), інструктару Гарадзішчанскага райвыканкама, дэпутату Вярхоўнага Савета БССР М. А. Арцямені (закатаваны гестапа).