pdf

КАЛАБАРАЦЫЯНІСТЫ

Дата стварэння: 14.04.2023 11:05:42

Дата змены: 11.09.2024 14:12:39


Калабарацыяні́сты (франц. collaboration супрацоўніцтва) у Другую сусветную вайну.

Асобы, палітычныя партыі, грамадскія рухі і арганізацыі на часова акупіраваных войскамі гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў тэрыторыях іншых краін, якія ў гады Другой сусветнай вайны супрацоўнічалі з захопнікамі, у т. л. у справе т. зв. будаўніцтва «Новай Еўропы».

Сярод калабарацыяністаў — палітычныя, ваенныя і культурныя дзеячы А. Ф. Петэн, П. Лаваль (Францыя), В. Квіслінг (адсюль сінонім — квіслінгаўцы), К. Гамсун (Нарвегія), А. А. Уласаў (Расія), Р. К. Астроўскі (Беларусь) і інш.

Беларускія калабарацыяністы ўдзельнічалі ў эканамічных, ідэалагічных і іншых мерапрыемствах нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму, у т. л. у карных акцыях супраць партызан, падпольшчыкаў і мірнага насельніцтва. Адначасова яны ставілі сабе за мэту стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы пад пратэктаратам Германіі, аднак гітлераўская вярхушка мела наконт Беларусі зусім іншыя планы (гл. у артыкуле «Ост»).

Становішча на франтах, разгортванне партызанскага руху вымушалі акупантаў рабіць пэўныя карэктывы ў сваёй палітыцы адносна беларускіх калабарацыяністаў і насельніцтва Беларусі ў цэлым, што, аднак, не мяняла тэрарыстычнай і грабежніцкай сутнасці акупацыйнага рэжыму. У снежні 1943 г. паводле загаду нямецкіх улад была створана т. зв. Беларуская цэнтральная рада, якая ў сакавіку 1944 г. аб’явіла мабілізацыю ў Беларускую краёвую абарону.


Літаратура
  1. Раманоўскі В. П. Саўдзельнікі ў злачынствах. – Мінск: Выдавецтва «Беларусь», 1964.

  2. Літвін А. М. Калабарацыяністы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.

  3. Каваленя А. А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі.1941–1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць. – Мінск: БДПУ імя М. Танка, 1999.

  4. Літвін А. М. Акупацыя Беларусі (1941–1944): пытанні супраціву і калабарацыі. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000.

  5. Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941–1945 / Редкол.: А. А. Коваленя [и др.]. – Минск: БЕЛТА, 2005.

  6. «Уничтожить как можно больше...». Латвийские коллаборационистские формирования на территории Белоруссии, 1942–1944 гг.: сборник документов / Редкол.: В. В. Симиндей (председатель) [и др.]. – Москва: Фонд «Историческая память», 2009.