Дата стварэння: 14.10.2024 10:22:31
Дата змены: 25.03.2025 12:09:24
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Дзеразападобныя Lycopodiopsida Bartl. |
Сямейства Баранцовыя Huperziaceae Rothm. |
Баранцо́выя (Huperziaceae Rothm.), сямейства вышэйшых споравых раслін класа Дзеразападобныя.
Сямейства аб’ядноўвае каля 275–375 відаў раслін, якія складаюць 3 роды: баранец (Huperzia Bernh.), флегмарыўрус [Phlegmariurus (Herter) Holub] і філаглосум (Phylloglossum Kunze). Род філаглосум раней вылучаўся ў асобнае сямейства праз рэзкія адрозненні ў марфалогіі і экалогіі, аднак у цяперашні час уключаны ў сямейства Баранцовыя на падставе малекулярных даных, тыпу спор і анатоміі спарангію. Віды роду баранец (30–75 відаў) распаўсюджаны пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўночнага паўшар’я з адносна невялікай колькасцю відаў у тропіках і Паўднёвым паўшар’і. Віды роду флегмарыўрус (250–300 відаў) з’яўляюцца пераважна трапічнымі эпіфітамі і растуць на дрэвах. Род філаглосум з адзіным відам філаглосум Драмонда (Phylloglossum drummondii Kunze) з’яўляецца пірафітам і расце на тэрыторыі Аўстраліі, Тасманіі і Новай Зеландыі ў супольнасцях, схільных да перыядычных пажараў.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з ізатамічна галінаванымі парасткамі. Карэнне звычайна фарміруецца толькі ў ніжняй частцы сцябла, прыдаткавыя карані прарастаюць праз кару амаль паралельна сцяблу. Філаглосум Драмонда мае клубнепадобнае сцябло з разеткай лісця на верхавінцы. Лісце адмірае падчас засухі. Спарафілы і вегетатыўнае лісце аднолькавыя (за выключэннем філаглосуму). Калі спарафілы меншыя, то яны захоўваюцца і афарбаваны ў зялёны колер. Спарангіі пазушныя, не прымацаваны да спарафілаў; споры ямістыя або баразнавата-ямістыя. Гаметафіты цыліндрычнай або рэменепадобнай формы, мікагетэратрофныя падземныя або напаўпадземныя з верхняй зялёнай фотасінтэзіруючай часткай, якая выступае на паверхню глебы.
Паводле даных малекулярнай сістэматыкі, з’яўленне сямейства адносіцца да часавага прамежку (223–) 199,5 (–175) млн гадоў таму мезазойскай эратэмы (эры). Разыходжанне трох экалагічна непадобных родаў, якія ўваходзяць у сямейства Баранцовыя (баранец, флегмарыўрус і філаглосум), супала з распадам Пангеі, і гэтыя тры роды падзяліліся ў ніжнім і сярэднім аддзелах юрскай сістэмы (перыяду).