Дата стварэння: 31.10.2024 14:49:57
Дата змены: 12.03.2025 15:37:54
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Дзеразападобныя Lycopodiopsida Bartl. |
Сямейства Дзярэзкавыя Lycopodiellaceae Val. N. Tikhom. |
Род Дзярэзка Lycopodiella Holub |
Дзярэ́зка (Lycopodiella Holub), род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзярэзкавыя.
Іншая назва: лікападыела.
Уключае 15 відаў, распаўсюджаных пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, адзін від распаўсюджаны ва ўмеранай зоне Паўночнага паўшар’я.
У Беларусі адзін від — дзярэзка заліўная [Lycopodiella inundata (L.) Holub].
Іншая назва: лікападыела заліўная.
Расце на вільготных грунтавых агаленнях з парушаным травяным покрывам, часцей за ўсё на пясчаных з заглейваннем глебах або па краях тарфяных балот. Патэнцыйна ўразлівы від, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (IV катэгорыя аховы).
Малалетнія вечназялёныя травяністыя расліны з анізатомна галінаванымі парасткамі (доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і ўкараняльнымі, шчыльна прылеглымі да субстрату галінаванымі плагіятропнымі вегетатыўнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць неразгалінаваныя прамастаячыя генератыўныя парасткі, звычайна з адным спараносным коласам на верхавіне). Вегетатыўнае лісце зялёнае, лінейна-ланцэтнае, густа размешчанае. Спарафілы з яйцападобна пашыранай асновай, зубчастыя, звужаныя ў ланцэтны кончык. Спараносныя каласкі (стробілы) сядзячыя, маладыя каласкі часта слаба адмежаваныя ад вегетатыўнай часткі парасткаў, больш выразна адмяжоўваюцца па меры выспявання спор. Спарангіі папярочна-авальныя, жоўтыя, размяшчаюцца ў аснове спарафілаў. Споры шматлікія, светла-жоўтыя, з няясна выяўленай сеткаватай паверхняй. Ва ўмовах Беларусі спараносіць у ліпені — верасні. Гаметафіт часткова надземны, зялёны, асімілявальны, кароткажывучы, даўжынёй 2,5–3,5 мм, да 5 мм у дыяметры, з цыліндрычнай або рэпападобнай падземнай часткай і плоскараспасцёртымі, зялёнымі асімілюючымі лопасцямі ў дыскападобнай надземнай гаметангіяльнай зоне. Маладыя, 6–8‑клетачныя гаметафіты могуць упадаць у стан спакою і дасягаць спеласці праз 10 гадоў. Пасля апладнення ўтвараецца падобная да споры, акружаная тоўстай абалонкай зігота, якая пасля перыяду спакою ці выжывання ў неспрыяльных умовах можа развівацца і даваць пачатак новаму спарафіту.
Лекавая расліна. Споры могуць быць выкарыстаны аналагічна спорам дзеразы, спінулюму, дыфазіястру.