Дата стварэння: 31.10.2024 14:51:47
Дата змены: 12.03.2025 15:31:28
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Дзеразападобныя Lycopodiopsida Bartl. |
Сямейства Дзеразовыя Lycopodiaceae P. Beauv. ex Mirb. |
Род Спінулюм Spinulum A. Haines |
Спі́нулюм (Spinulum A. Haines), род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзеразовыя.
Вядомы 3–4 віды, распаўсюджаныя пераважна ў Паўночным паўшар’і: у паўночных і ўмерана цёплых рэгіёнах, у гарах тропікаў. Доўгі час віды, вылучаныя цяпер у род спінулюм, уключаліся ў род дзераза (Lycopodium L.) У 2003 г. амерыканскі біёлаг А. Хэйнс (A. Haines) выключыў дзеразу гадавую (Lycopodium annotinum L.) і 2 іншыя віды, якія не сустракаюцца ў Еўропе, з роду дзераза і вылучыў у новы род спінулюм.
У Беларусі адзін від — спінулюм гадавы [Spinulum annotinum (L.) A. Haines].
Іншая назва: дзераза гадавая.
Расце ў сырых хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з цыліндрычнымі анізатомна галінаванымі парасткамі (доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і укараняльнымі плагіятропнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць надземныя артатропныя галіны, што галінуюцца пераважна ў аснове і маюць абмежаваны рост). Лісце сядзячае, суцэльнае, лінейнае або вузкаланцэтнае, па краі зубчастае, на канцы завостранае, але без бясколернай валасінкі, размешчанае ў 4–5 радах. Спараносныя каласкі (стробілы) заўсёды сядзячыя, размешчаны паасобку на верхавінах артатропных парасткаў, выразна адмежаваны ад аблісцелай часткі галіны. Спарафілы яйцападобныя, з шырокай асновай, абрамленыя, завостраныя, рэзка адрозніваюцца ад вегетатыўнага лісця. Споры ячэістыя (але ячэістасць рэдукаваная і ледзь прыкметная на праксімальнай паверхні), тэтраэдрычныя. Ва ўмовах Беларусі спараносіць у ліпені — жніўні. Споры прарастаюць у цемры пасля перыяду спакою. Гаметафіты падземныя, мікагетэратрофныя, працягла развіваюцца, рэдзькападобныя з верхняй гаметангіяльнай зонай.
Лекавая расліна. Настоі і адвары травы выкарыстоўваюцца як агульнаўмацавальны сродак, пры нервова-псіхічных хваробах, захворваннях страўніка, печані, як процісутаргавы, анальгезавальны, слабіцельны, дыўрэтычны, кантрацэптыўны сродак. Споры, таксама як споры дыфазіястраў і дзеразы булавападобнай, выкарыстоўваюцца ў якасці дзіцячай прысыпкі, пры пролежнях, для абсыпання пілюль. Раней яны мелі вялікае значэнне ў металургіі, дзе іх выкарыстоўвалі для абсыпання формаў пры выплаўцы чыгуну, асабліва пры фасонным ліцці. З лісця раней атрымлівалі сінюю фарбу.