ДЗЕРАЗАПАДОБНЫЯ, аддзел вышэйшых споравых раслін
pdf

ДЗЕРАЗАПАДОБНЫЯ

Дата стварэння: 13.03.2025 10:58:31

Дата змены: 11.07.2025 11:40:01


Аддзел

Дзеразападобныя

Lycopodiophyta D. H. Scott

ДЗЕРАЗАПАДОБНЫЯ, аддзел вышэйшых споравых раслін

Баранец звычайны (фота: А. Н. Мялік).

ДЗЕРАЗАПАДОБНЫЯ, аддзел вышэйшых споравых раслін

Дзярэзка заліўная (фота: В. М. Ціхаміраў).

ДЗЕРАЗАПАДОБНЫЯ, аддзел вышэйшых споравых раслін

Дыфазіястр Зэйлера (фота: В. М. Ціхаміраў).

Дзеразападо́бныя (Lycopodiophyta D. H. Scott), аддзел вышэйшых споравых раслін, у жыццёвым цыкле якіх дамінуе спарафіт.

Налічваюць каля 1330–1500 сучасных відаў і вялікую колькасць выкапнёвых, якія аб’яднаны ў два класы: Дзеразападобныя (Lycopodiopsida Bartl.) і Палушнікападобныя (Isoetopsida Rolle).

Усе сучасныя прадстаўнікі аддзела — шматгадовыя, звычайна вечназялёныя травяністыя расліны. Сярод выкапнёвых прадстаўнікоў аддзела сустракаліся і магутныя дрэвападобныя формы вышынёй да 50 м і дыяметрам ствала да 1 м. Сцёблы галінуюцца выключна дыхатамічна (анізатомна, а ў больш прымітыўных прадстаўнікоў — ізатомна), зрэдку не галінуюцца, напрыклад, у відаў роду палушнік (Isoetes L). Час ад часу пры анізатомным галінаванні ўтвараецца прамое магутнае галоўнае сцябло, як пры монападыяльным галінаванні.

Анатамічна сцёблы і карані падобныя, праводная сістэма фукцыянуе як пратастэла і яе мадыфікацыі, прычым протаксілема размешчана звонку ад метаксілемы, а не наадварот, як у астатніх вышэйшых сасудзістых раслін. Вывучэнне прымітыўных выкапнёвых груп паказала, што іх каранёвая сістэма з’явілася пазней, чым у іншых сасудзістых раслін, гэта значыць, што карані Дзеразападобных — гэта вынік канвергентнай эвалюцыі.

Лісце размешчана спіральна, рэдка процілегла або ў кальчаках, мае энацыйнае паходжанне. У працэсе эвалюцыі лісты ў прадстаўнікоў аддзела ўзніклі як вырасты покрыўных тканак сцябла (энацыі) з адным толькі праводным пучком.

Спарафілы па форме, памеру і колеру могуць быць падобныя на звычайнае вегетатыўнае лісце, але ж могуць дужа адрознівацца ад яго. Чаргуючыся са стэрыльным лісцем (трафафіламі), яны могуць фарміраваць на сцябле спараносные зоны. Часта спарафілы сабраны ў стробілы, размешчаныя на канцах галінак. Што датычыць некаторых выкапнёвых формаў, то там спорафілы сядзелі на сцябле ўперамежку з вегетатыўнымі лістамі, не ўтвараючы ні спароносных зон, ні стробілаў. Спарангіі звычайна пупышкападобнай формы, заўсёды знаходзяцца збоку на сцябле і часта прырастаюць да дарсальной паверхні спарафіла.

Сярод Дзеразападобных ёсць раўна- і разнаспоравыя расліны. Гэта прыкмета з’яўляецца асноўнай пры дзяленні аддзела на класы. Гаметафіты (зарасткі) раўнаспоравых [клас Дзеразападобныя (Lycopodiopsida Bartl.)] і разнаспоравых [клас Палушнікападобныя (Isoetopsida Rolle)] раслін надта адрозніваюцца між сабой. Гаметафіты класа Дзеразападобныя падземныя або напаўпадземныя, двухполыя, мікагетэратрофныя ці часткова фотасінтэзуючыя, спеюць на працягу 1–15 гадоў. Гаметафіты класа Палушнікападобныя аднаполыя, развіваюцца звычайна некалькі тыдняў, дзякуючы пажыўным рэчывам, што змешчаны ў спорах. Спелыя гаметафіты амаль не выступаюць з-за споравай абалонкі. Палавыя органы прадстаўлены антэрыдыямі і архегоніямі. У антэрыдыях развіваюцца двух- або шматжгуцікавыя сперматазоіды, у архегоніях — яйцаклеткі. Апладненне адбываецца, калі ёсць кропельнавадкая вада, і пасля з зіготы вырастае наступнае пакаленне спарафіту.

Дзеразападобныя — адзін з найбольш старажытных аддзелаў вышэйшых раслін, які з’явіўся, паводле палеанталагічных даных, у дэвонскай сістэме (перыядзе). Аднак, паводле малекулярных даных, Дзеразападобныя аддзяліліся ад астатніх вышэйшых раслін яшчэ раней — у сілурыйскай сістэме (перыядзе) [(426–) 431,5 (–440) млн гадоў таму]. Утварыліся яны, магчыма, ад вымерлых Рыніяфітападобных (Rhyniopsida Kryshtofovich), верагодна, з парадку Застэрафілавыя (Zosterophyllales Bierhorst) або Рыніевыя (Rhyniales Němejc). Найбольшага росквіту група дасягнула ў палеазойскай эры, асабліва ў каменнавугальнай сістэме (перыядзе). Да сённяшняга часу большасць груп вымерла, але ж раней яны дзе-нідзе ўтваралі своеасаблівыя ландшафты і пасля склалі шматметровыя тоўшчы каменнага вугалю.