Дата стварэння: 11.06.2025 14:16:52
Дата змены: 29.08.2025 10:24:48
Атмасфе́рная цыркуля́цыя
Сістэма паветраных цячэнняў над зямным шарам (агульная цыркуляцыя атмасферы) або над невялікай тэрыторыяй (мясцовая цыркуляцыя).
Атмасферная цыркуляцыя — найважнейшы кліматаўтваральны працэс, які спрыяе пераносу цяпла і вільгаці з адных рэгіёнаў у другія і вызначае характар надвор’я.
Да сістэмы паветраных цячэнняў адносяцца: у трапасферы пасаты, мусоны і паветраныя масы, звязаныя з франтальнай і цыкланічнай дзейнасцю, у верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы — струменныя цячэнні, што рухаюцца з вялікай хуткасцю (ва ўмераных шыротах — пераважна заходнія).
Мясцовая цыркуляцыя ў значнай ступені прадвызначае мікракліматычныя асаблівасці асобных тэрыторый.
Над Беларуссю агульная атмасферная цыркуляцыя характарызуецца занальным пераносам марскіх паветраных мас з Атлантыкі на ўсход у сістэме цыклонаў і антыцыклонаў. Перыядычна занальная цыркуляцыя парушаецца мерыдыянальнай цыркуляцыяй з поўдня на поўнач або з поўначы на поўдзень.
Калі пераважае занальны перанос, то бывае цёплая зіма і халаднаватае лета. Мерыдыянальны перанос павялічвае сярэднегадавую колькасць ападкаў. Паслабленне занальнай і мерыдыянальнай цыркуляцыі выклікае ўзмацненне антыцыкланальнай дзейнасці. У такія гады бываюць гарачае сухое лета і халодная зіма.