Дата стварэння: 11.06.2025 15:24:58
Дата змены: 09.02.2026 11:16:46
Цэ́нтры дзе́яння атмасфе́ры
Вялізныя вобласці атмасферы з перавагай антыцыклонаў або цыклонаў.
Пазначаюцца на картах сярэдняга шматгадовага атмасфернага ціску ў выглядзе ўчасткаў з павышаным ці паніжаным ціскам паветра. Размяшчэнне цэнтраў дзеяння атмасферы адлюстроўвае найбольш устойлівыя асаблівасці атмасфернай цыркуляцыі, значна ўплывае на надвор’е і клімат вялікіх рэгіёнаў.
Адрозніваюць цэнтры дзеяння атмасферы пастаянныя (адзначаюцца ўвесь год) і сезонныя.
На надвор’е Беларусі з пастаянных цэнтраў уплываюць Азорскі антыцыклон, у меншай ступені Ісландская дэпрэсія і Грэнландскі антыцыклон, з сезонных — Азіяцкі антыцыклон, Паўднёва-Азіяцкая дэпрэсія.