ЗАХОДНІ ПЕРАНОС ПАВЕТРАНЫХ МАС, пераважны перанос паветра з захаду на ўсход у трапасферы і стратасферы сярэдніх шырот
pdf

ЗАХОДНІ ПЕРАНОС ПАВЕТРАНЫХ МАС

Дата стварэння: 09.10.2024 09:58:42

Дата змены: 21.10.2024 09:21:50


Захо́дні перано́с паве́траных мас

Пераважны перанос паветра з захаду на ўсход у трапасферы і стратасферы сярэдніх шырот.

Абумоўлены падзеннем тэмпературы і ціску ад субтропікаў (дзе пераважаюць вобласці з павышаным атмасферным ціскам) да палярных шырот. Мерыдыянальна накіраваныя (з прычыны існавання барычнага градыента) паветраныя плыні адхіляюцца сілай Карыёліса направа ў Паўночным паўшар’і і налева — у Паўднёвым паўшар’і, г. зн. у абодвух выпадках з захаду на ўсход. Зона заходняга пераносу паветраных мас адрозніваецца інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю.

У Беларусі паўтаральнасць заходняга пераносу паветраных мас (вецер заходняга, паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга кірункаў) на поўначы каля 50 %, на поўдні — каля 45 % у год. З гэтай з’явай зімой звязаны адлігі і ападкі, летам — халаднаватае, мокрае і сырое надвор’е. Найбольш інтэнсіўныя пацяпленні зімой у Беларусі пад уплывам заходняга пераносу паветраных мас адзначаюцца, калі над Паўночнай Еўропай знаходзіцца вялікая вобласць нізкага атмасфернага ціску, а на поўдні Заходняй Еўропы — павышанага.