СКРАЗНАЯ ДАЛІНА, даліна прарыву, навылётная даліна, форма рэльефу
pdf

СКРАЗНАЯ ДАЛІНА

Дата стварэння: 07.05.2025 14:16:34

Дата змены: 27.05.2025 11:16:32


СКРАЗНАЯ ДАЛІНА, даліна прарыву, навылётная даліна, форма рэльефу

Скразная даліна ракі Нёман у горадзе Гродна.

Скразна́я далі́на

Іншая назва: даліна прарыву, навылётная даліна.

Паніжэнне з плоскім дном або рэчышча, прарэзанае ўпоперак водападзелу скразным ледавіком або патокамі расталых водаў.

Паходжанне скразных далін можа быць абумоўлена дзейнасцю ледавіка і яго расталых водаў.

Утвараецца таксама ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі, калі рака ўверсе па цячэнні прапілоўвае водападзельны грэбень або малады хрыбет, які пачаў падымацца, упоперак даліны ракі, што ўжо існуе. Скразныя даліны фарміруюцца таксама праразаннем якога-небудзь узвышша, што падымаецца павольна.

У Беларусі на ўзгорыстых раўнінах шырока распаўсюджаны скразныя даліны рэгрэсіўнай эрозіі і азёрнага залажэння — гэта скразныя ўчасткі ракі Заходняя Дзвіна на мяжы Беларусі і Латвіі, якія перасякаюць Балтыйскую граду.

На тэрыторыі Полацкай нізіны ў адну са стадый паазерскага зледзянення ўзнік буйны прыледавіковы вадаём, прарыў якога абумовіў залажэнне шэрагу скразных далін (ракі Заходняя Дзвіна вышэй ад г. Віцебск, ракі Дняпро вышэй ад г. Орша, некаторых участкаў рэк Лучоса, Вілія, Бярэзіна, Шчара, Зальвянка, Заходняя Бярэзіна).

У межах Беларусі марфалагічны характар скразных далін разнастайны: на Цэнтральнабеларускіх узвышшах і градах часцей сустракаюцца добра распрацаваныя, на поўдні Беларускага Палесся пераважаюць дробныя, шырокія, прымеркаваныя да водна-ледавіковых раўнін, у басейне Заходняй Дзвіны — каньёнападобныя.

Асобныя ўчасткі скразных далін могуць быць выкарыстаны для будавання ГЭС і пракладкі суднаходных каналаў.



Літаратура
  1. Природа Беларуси: энциклопедия: в 3 т. Т. 1: Земля и недра / Редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2009.

  2. Ярцев В. И. Геологический словарь: понятия и термины. – Минск: Беларуская навука, 2010.

  3. Матвеев А. В. История формирования рельефа Белоруссии. – Минск: Навука і тэхніка, 1990.

  4. Тимофеев Д. А. Терминология гляциальной геоморфологии / Д. А. Тимофеев, А. Н. Маккавеев. – Минск: Наука, 1986.