ДАБРЫЦА, рака ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці і Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток ракі Друць
pdf

ДАБРЫЦА

Дата стварэння: 21.05.2025 15:24:49

Дата змены: 22.08.2025 12:21:31


Дабры́ца

Рака ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці і Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Даўжыня 35 км.

Пачынаецца меліярацыйнай канавай за 1,6 км на паўночны ўсход ад вёскі Старое Заліцвінне Кіраўскага раёна, вусце за 1 км на поўнач ад вёскі Каласы Рагачоўскага раёна.

Правы прыток ракі Друць.

Плошча вадазбору 250 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,2 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰. Цячэ па паўднёва-ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны.

Даліна выразная, трапецападобная.

Схілы спадзістыя, у ніжнім цячэнні дзе-нідзе стромкія.

Пойма асушаная, шырынёй ад 300 м да 1 км. Шырыня рэчышча 3–7 км (у межань). Рэчышча было каналізавана ў 1964–1967 гг. і 1970 г. на ўсім працягу; у 2005 г. праведзена паўторнае рэгуляванне (1 км на паўночны захад ад вёскі Талочкаў Рагачоўскага раёна да 1 км на паўночны ўсход ад яе ж), за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Старое Заліцвінне. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 50 % гадавога сцёку.