Дата стварэння: 21.05.2025 15:52:03
Дата змены: 09.07.2025 09:39:44
На́раў
Рака ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі і ў Польшчы. Даўжыня 497 км (у межах Беларусі 44 км).
Правы прыток ракі Заходні Буг. Асноўныя прытокі ў Беларусі: Рудаўка (правы), Тушамлянка, Нямержанка (левыя).
Пачынаецца ў вярхоўі канала Скаронаў у Свіслацкім раёне за 6 км на паўночны ўсход ад вёскі Клепачы Пружанскага раёна. Вусце на тэрыторыі Польшчы. У Беларусі працякае па Прыбугскай раўніне па тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».
Плошча вадазбору 74 800 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі 5 м³/с (з прытокамі, якія пачынаюцца на Беларусі і ўпадаюць у Нараў на тэрыторыі Польшчы). Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 35 %.
Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная.
Рэчышча каналізаванае на працягу 9 км (ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў), на астатнім участку звілістае, месцамі выпрастанае.
Шырыня ракі ў межань 8–10 м.
На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 48 % аб’ёму гадавога сцёку.
Замярзае ў першай дэкадзе снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.