Дата стварэння: 22.05.2025 10:22:11
Дата змены: 01.07.2025 10:41:14
Лясна́я Пра́вая
Рака ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі і ў Польшчы. Даўжыня 63 км (у межах Беларусі 30 км).
Правы прыток ракі Лясная. Асноўныя прытокі: Белая (правы), Перавалока, ці інакш Цяплуха (левы). Зліваючыся з ракой Лясная Левая, утварае раку Лясная.
Пачынаецца на тэрыторыі Польшчы, вусце за 0,8 км на ўсход ад вёскі Вугляны Камянецкага раёна.
Плошча вадазбору 996 км² (у Беларусі каля 650 км²). Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 4,8 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 ‰.
Даліна трапецападобная, месцамі не выражаная, у ніжнім цячэнні шырынёй да 4 км.
Схілы спадзістыя, вышынёй ад 3 да 7 м, пакрытыя сеткай меліярацыйных каналаў.
Пойма двухбаковая, збольшага завільгочаная, у нізоўі значна забалочаная, шырынёй 200–400 м, бліжэй да вусця паступова пашыраецца да 1 км.
Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шырынёй 20–25 м у ніжнім цячэнні; каналізаванае ў 1970 г. па ўсёй даўжыні ракі.
Берагі адкрытыя ці пад хмызняком, нізкія, пераважна балоцістыя.
Максімальны ўзровень вясновага разводдзя звычайна ў 2‑й палове сакавіка. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 40 % гадавога сцёку.
Замярзае ў канцы снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.
Водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, язь, ялец, галавень, плотка, пячкур, лінь, мянтуз, сом, акунь, ёрш.
Цячэ па Высокаўскай раўніне, перасякае тэрыторыю Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».