УША, рака ў Бярэзінскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці
pdf

УША

Дата стварэння: 07.08.2025 15:29:30

Дата змены: 29.12.2025 12:35:32


Уша́

Рака ў Бярэзінскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці. Даўжыня 89 км.

Правы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: рэкі Маконь, Рэчка (злева), Клёнаўка, Беліца (справа).

Плошча вадазбору 725 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,2 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,6 ‰.

Пачынаецца за 2,0 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Смольніца Смалявіцкага раёна, вусце за 4,5 км на ўсход ад вёскі Уша Бярэзінскага раёна. Гушчыня рачной сеткі 34 км/км². Цячэ пераважна па паўднёваўсходніх схілах Мінскага ўзвышша.

Даліна да вёскі Уборкі Чэрвеньскага раёна невыразная, астатняя частка —трапецападобная, шырынёй 0,9–1,2 км (максімальна каля 3,5 км), схілы спадзістыя, вышынёй да 5–20 м.

Пойма двухбаковая (шырынёй 100–200 м), да вусця ракі Маконь забалочаная і парослая лесам, ніжэй перасечаная, пясчана-тарфяністая.

Рэчышча ад вытоку на працягу 13,9 км каналізаванае, на астатнім працягу ўмерана звілістае.

Берагі пераважна стромкія і абрывістыя. Максімальны ўзровень вады ў сярэдзіне красавіка. Замярзае ў канцы лістапада, крыгаход у сярэдзіне сакавіка.

Прымае сцёк меліярацыйных каналаў.