Дата стварэння: 14.10.2024 10:15:22
Дата змены: 25.09.2025 10:30:54
Мя́дзел
Возера ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Мядзелка (выцякае з возера), за 4 км на поўнач ад горада Мядзел.
Плошча 16,2 км², даўжыня 6,3 км, максімальная шырыня 4 км, максімальная глыбіня 24,6 м. Аб’ём вады 102 млн м³. Берагавая лінія даўжынёй 30,92 км, моцназвілістая, утварае шмат заліваў, паўастравоў і мысаў. Празрыстасць вады 3 м. Плошча вадазбору 89,9 км². Упадаюць 6 ручаёў.
Катлавіна запруднага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход.
Схілы вышынёй 15‒20 м, стромкія, дзе-нідзе на поўдні і поўначы спадзістыя, суглінкавыя, у верхняй частцы разараныя, у ніжняй пад хмызняком; на паўднёвым усходзе да возера прымыкае лес.
Берагі нізкія (вышыня 0,2‒0,3 м), пясчаныя і пясчана-галечныя (на паўднёвым захадзе), месцамі на поўдні і ўсходзе зліваюцца са схіламі.
Пойма шырынёй да 250 м, вакол заліваў забалочаная.
Дно да глыбіні 2,5 м выслана пяскамі, глыбей — адкладамі, што змяшчаюць пясок, а таксама сапрапелем, гліністым ілам (паўднёвая частка возера).
Ёсць 8 астравоў агульнай плошчай 0,24 км², найбуйнейшыя Замак, Бярозавы, Кульчына, Селішча.
Найбуйнейшыя паўастравы на поўначы (Дубовы) і поўдні ўтвораны озавай градой.
Надводная расліннасць распаўсюджана да глыбіні 1,5‒2 м (шырыня паласы зарастання да 30 м), падводная — да 6 м. Моцна зарастаюць залівы.
Водзяцца рапушка еўрапейская, шчупак, верхаводка, вугор рачны, лешч, гусцяра, карп, карась сярэбраны і залаты, пячкур, язь, плотка, лінь, краснапёрка, мянтуз, джгір звычайны, акунь, судак.