МЯДЗЕЛКА, рака ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці і Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці
pdf

МЯДЗЕЛКА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:15:35

Дата змены: 29.12.2025 10:55:30


Мя́дзелка

Рака ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці і Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Даўжыня 50 км.

Правы прыток ракі Бірвета (басейн ракі Заходняя Дзвіна). Асноўныя прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева).

Плошча вадазбору 775 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6 м³/с. Гушчыня рачной сеткі 0,46 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору 14 %, азёрнасць 4 % (найбуйнейшае возера Мядзел, астатнія азёры невялікія, выцягнутыя ланцугом уздоўж ракі, пераважна па левабярэжжы).

Выцякае з возера Мядзел у межах Нацыянальнага парку «Нарачанскі» каля вёскі Лапосі. Мядзельскага раёна, вусце за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Бірвіта Пастаўскага раёна.

Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 250–400 м. Схілы ўмерана стромкія, слаба парэзаныя, вышынёй 5–10 м, месцамі 12–15 м, пакрытыя лесам і хмызняком.

Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі перасечана старыцамі і неглыбокімі лагчынамі, шырынёй 100–200 м. Падчас разводдзя затапляецца вадой на глыбіню ад 0,5 да 3,5 м на 5–10 сутак.

Рэчышча умерана звілістае, шырыня ракі ў вярхоўі 10–15 м, на астатнім працягу 15–20 м.

Берагі стромкія або ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя, супясчаныя, парослыя хмызняком, вышынёй ад 1,5 да 8 м.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 53 % аб’ёму гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,5 м, максімальная 2,1 м. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 2 сутак.

На рацэ ў межах горада Паставы пры дапамозе плаціны ўтворана возера Пастаўскае (плошча 27 га).