Дата стварэння: 14.10.2024 10:15:46
Дата змены: 25.09.2025 10:32:00
На́рач
Самае вялікае возера ў Беларусі, знаходзіцца ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Нарач (выцякае з возера), за 4 км на захад ад горада Мядзел, паміж вёскамі Чараўкі, Пасынкі, Мікольцы, Гатавічы, аграгарадком Занарач. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр.
Плошча 79,62 км², даўжыня 12,8 км, максімальная шырыня 9,8 км, максімальная глыбіня 24,8 м. Аб’ём вады 710 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 40 км. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 40 см, часам да 70 см. Плошча вадазбору 199 км².
Катлавіна запруднага тыпу.
Схілы на поўначы і паўночным усходзе вышынёй 45‒50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град. На поўдні да возера прымыкае больш нізкая Паўднёва-Нарачанская града і Нарачана-Вілейская раўніна.
Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі стромкія і абразійныя, вышынёй 2‒11 м, на паўднёвым усходзе забалочаныя, тарфяністыя. Трапляюцца невялікія берагавыя валы. Каля паўночна-ўсходняга берага востраў плошчай 6,2 га, аб’яўлены помнікам прыроды мясцовага значэння.
Дно возера адносна роўнае, на ўсходзе больш складанай будовы, трапляюцца ўчасткі, прыўзнятыя амаль да паверхні (мялі́ны). Прыбярэжная водмель да глыбіні 4–8 м пясчаная, пясчана-галечная, часткова заглееная, каля стромкіх берагоў шмат галькі і валуноў. Глыбакаводная частка дна выслана сапрапелем і глініста-пясчанымі адкладамі.
Паўвостраў Наносы (заканчваецца касой) падзяляе возера на паўночна-заходні Малы плёс (глыбіня да 18 м) і паўднёва-ўсходні Вялікі плёс (глыбіня да 24,8 м, т. зв. Гатаўскія ямы каля ўсходняга берага).
Лёд трымаецца з 1‑й дэкады снежня (таўшчыня 50–60 см, у пэўныя гады да 80 см) да 1‑й дэкады красавіка. Часам паўднёва-ўсходні плёс замярзае толькі ў студзені.
Увесну водная маса добра перамешваецца да дна, тэмпература вады на максімальнай глыбіні 10‒12 °С. Сярэднямесячная тэмпература паверхневых слаёў вады ў кастрычніку 8,7 °C, у ліпені 18,9 °С. На працягу года вада добра насычана кіслародам, мінералізацыя вады меншая за 200 мг/л, празрыстасць 5‒7 м летам і да 10 м зімой.
У воднай флоры 48 відаў уласна водных раслін, у т. л. 38 кветкавых, 8 водарасцей. Найбольш зарослы Малы плёс, у паўночна-ўсходняй частцы якога шырыня паласы расліннасці дасягае 2 км (у Вялікім плёсе 50‒350 м). Характэрна хвалепрыбойная паласа без расліннасці (ад урэзу вады да глыбіні 1,5‒2 м у Малым плёсе і 3,5‒4 м у Вялікім плёсе). Надводная расліннасць (трыснёг, чарот) пашырана ўчасткамі да глыбіні 1,5‒2 м. Падводнай расліннасцю (пераважаюць харавыя водарасці) выслана каля 15 км² плошчы дна (да глыбіні 7,5 м). Расце гарлачык белы — рэдкі і ахоўны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
У іхтыяфаўне 25 відаў рыб, прамысловае значэнне маюць акунь, плотка, шчупак, вугор, лінь, гусцяра і інш.
Нарач вызначаецца багаццем відаў вадаплаўных птушак, на возеры і каля яго адзначаны гняздоўі лебедзя-шыпуна, малой крачкі, скапы, малой паганкі і інш.
Дзейнічае гідралагічны пост у курортным пасёлку Нарач.
У возера ўпадаюць 17 ручаёў і рака-пратока Скема з возера Мястра.
Вакол возера і на яго ўзбярэжжы дзейнічаюць санаторыі «Белая Русь», «Нарач», «Нарачанскі бераг», «Сосны», «Спадарожнік», «Прыазёрны», «Журавушка», турыстычны комплекс «Нарач», рэспубліканскі дзіцячы пульманалагічны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Баравое», аздараўленчая база «Чайка», базы адпачынку «Нарач», «Пронькі», нацыянальны дзіцячы аздараўленчы лагер «Зубраня» і інш.
З мэтай аховы Нарачы і рацыянальнага выкарыстання яе рэсурсаў вядуцца комплексныя назіранні за станам возера на Нарачанскай азёрнай станцыі і біялагічнай станцыях, праводзяцца агратэхнічныя, меліярацыйныя, гідратэхнічныя і іншыя. мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне забруджвання басейна возера і бліжэйшых тэрыторый.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Нарачанскі».