ГРЫЎДА, рака ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці і Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці
pdf

ГРЫЎДА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:14:47

Дата змены: 01.07.2025 10:33:14


Гры́ўда

Рака ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці і Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Даўжыня 85 км.

Левы прыток ракі Шчара. Асноўныя прытокі: Була, Булянка, Руднянка (левыя), Бусяж, Дняпроўска-Нёманскі, Косаўскі каналы (правыя).

Пачынаецца каля паўночна-ўсходняй ускраіны вёскі Варонічы Слонімскага раёна, вусце за 0,5 км на ўсход ад аграгарадка Даманава Івацэвіцкага раёна. Працякае па Слонімскім узвышшы.

Плошча вадазбору 1 330 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,8 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 ‰. Гушчыня рачной сеткі каля 0,48 км/км².

Даліна трапецападобная, шырынёй 1–1,5 км, у вярхоўі невыразная.

Схілы спадзістыя, месцамі ўмерана стромкія, вышынёй 4–6 м, адкрытыя, зрэдку пад лесам і хмызняком.

Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, шырынёй 0,4–0,8 км, у ніжнім — да 1,5 км, у асобных месцах перасечаная старыцамі і асушальнымі канавамі. У час разводдзя затапляецца на глыбіню да 1 м тэрмінам да двух тыдняў.

Рэчышча каналізаванае двума ўчасткамі на працягу 44,3 км: ад вытоку да вёскі Урач Слонімскага раёна (23,3 км); ад горада Івацэвічы да вусця (21 км). Шырыня рэчышча ў межань ад 3–4 м у вярхоўі да 20–30 м у ніжнім цячэнні.

Берагі стромкія, вышынёй 1–2 м, ніжэй ад горада Івацэвічы ўздоўж ракі насыпныя дамбы.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 48 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку 3‑й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем да 2 м.

Замярзае ў 3‑й дэкадзе снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка. На ўскраіне горада Івацэвічы зона адпачынку.

На рацэ размешчаны горад Івацэвічы.