ІСА, рака ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці і ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці
pdf

ІСА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:15:24

Дата змены: 13.06.2025 09:40:17


І́са

Рака ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці і Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Даўжыня 62 км.

Правы прыток ракі Шчара. Асноўны прыток — рака Пляхоўка (правы).

Пачынаецца на паўднёва-заходніх схілах Навагрудскага ўзвышша каля вёскі Серабрышча Баранавіцкага раёна, упадае ў Шчару ў межах горада Слонім.

Плошча вадазбору 554 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,1 ‰.

Даліна трапецападобная.

Схілы спадзістыя, вышыня 10–15 м, пераважна пад раллёй.

Пойма чаргуецца па берагах, шырыня 100–180 м, месцамі адсутнічае.

Рэчышча каналізаванае ў 1960 г. і 1970–1973 гг. на працягу 15,1 км (ад вёскі Харашэвічы да вёскі Нагуевічы Слонімскага раёна, 3,4 км; ад вытоку да вёскі Звераўшчына Баранавіцкага раёна, 11,7 км); шырыня ў межань 4–8 м.

На перыяд вясновага разводдзя прыходзіцца 45 % гадавога сцёку.

Рэжым ракі вывучаўся ў 1933–1947 гг. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйнай сістэмы.

На рацэ каля горада Слонім і вёскі Нагуевічы знаходзяцца плаціны.

Каля Слоніма знаходзіцца зона адпачынку мясцовага значэння Іса.

У рацэ водзіцца занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь ручаёвая стронга.

У сярэднім і ніжнім цячэнні працякае ў межах заказнікаў рэспубліканскага значэння — ландшафтнага «Стронга», біялагічнага «Слонімскі».