МЫШАНКА, рака ў Баранавіцкім, Ляхавіцкім і Івацэвіцкім раёнах Брэсцкай вобласці
pdf

МЫШАНКА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:19:34

Дата змены: 07.07.2025 11:21:11


Мыша́нка

Рака ў Баранавіцкім, Ляхавіцкім і Івацэвіцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня 109 км.

Правы прыток ракі Шчара. Асноўныя прытокі: Малатоўка (правы), Мутвіца (левы).

Пачынаецца на паўднёвых схілах Навагрудскага ўзвышша каля вёскі Буйнявічы Баранавіцкага раёна, цячэ па Баранавіцкай раўніне, упадае ў раку Шчару за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Сялец Івацэвіцкага раёна.

Плошча вадазбору 930 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,7 ‰. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 22 %.

Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 500–800 м. Схілы спадзістыя, радзей стромкія або абрывістыя, слаба прарэзаны неглыбокімі далінамі прытокаў, вышынёй 10–25 м у вярхоўі, 2–6 м у сярэднім цячэнні, ніжэй ад вёскі Рагачы Ляхавіцкага раёна зліваюцца з прылеглай наваколлем.

Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шырынёй 400–600 м. У час разводдзя затапляецца вадой на глыбіню да 1 м на 1–2 тыдні.

Рэчышча ад вёскі Агароднікі да вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна (16 км) каналізаванае, на астатнім працягу моцна звілістае; шырыня яго 10–12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м.

Берагі стромкія і абрывістыя, на выпрастаных участках абвалаваныя.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 30 % аб’ёму гадавога сцёку.

Замярзае ў сярэдзіне снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.

У рацэ водзяцца шчупак, лешч, карась залаты, ялец, язь, плотка, краснапёрка, пячкур, лінь, акунь, ёрш звычайны.

Каля вёсак Белалессе, Магіляны і Жалезніца (усе Баранавіцкага раёна) створаны сажалкі (плошчай адпаведна 0,06, 0,7 і 0,04 км²).

Рака прымае сцёк сеткі меліярацыйных каналаў.