Во́ласа Паўднёвы
Другая назва: Волас Паўднёвы.
Возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Друйка, за 10 км на паўночны ўсход ад горада Браслаў, каля вёскі Забор’е.
Злучана пратокай з возерам Воласа Паўночны.
Плошча 1,21 км², даўжыня 2,5 км, максімальная шырыня 0,7 км, максімальная глыбіня 40,4 м. Аб’ём вады 15,07 млн м³. Берагавая лінія слабазвілістая, даўжыня 6,95 км. Плошча вадазбору 6 км². Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр.
Катлавіна эварзійнага тыпу.
Схілы вышынёй 5–8 м, пакрытыя лесам, дзе-нідзе разараныя.
Мелкаводная зона вузкая, пясчаная; глыбакаводная павысцілана глеем. Зарастае падводнай расліннасцю да 9 м. Вада чыстая, празрыстая (да 7 м).
Возера насяляюць шчупак, акунь, лінь, рапушка, сняток і інш., сярод беспазваночных водзяцца рэліктавыя віды ледніковага перыяду — лімнакалянус даўгахвосты, мізіда рэліктавая, пантапарэя роднасная, бакаплаў Паласа, а таксама шыракапальцы рак, уключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Уваходзіць у зону адпачынку Браслаў.
Размешчана ў межах Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» (самае глыбокае возера на яго тэрыторыі).