pdf

ВАЎКАВЫСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫСЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:41:37

Дата змены: 10.11.2025 11:50:07


ВАЎКАВЫСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫСЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ

Помнік камсамольцам-падпольшчыкам у вёсцы Карпаўцы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.

Ваўкавы́ская раённая антыфашы́сцкая арганіза́цыя

Дзейнічала на тэрыторыі Ваўкавыскага і часткова Свіслацкага раёнаў Беластоцкай вобласці, а таксама на частцы тэрыторыі Поразаўскага раёна Брэсцкай вобласці з лютага 1942 г. да лютага 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Працавала пад непасрэдным кіраўніцтвам Беластоцкага абласнога антыфашысцкага камітэта, накіроўвалася Беластоцкім падпольным абкамам КП(б)‌Б і Ваўкавыскім падпольным райкамам КП(б)‌Б.

Налічвала больш за 90 чалавек сельскіх актывістаў, былых членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, камсамольцаў, ваеннаслужачых.

Складалася з пярвічных падпольных ячэек (груп з 3–5 чалавек). Ячэйкі знаходзіліся ў г. Ваўкавыск (на чыгуначнай станцыі, у дэпо, майстэрнях і інш.), вёсках Карпаўцы, Каты, Краснае Сяло, Пекары, Петакі, Севашкі, Трунцы Ваўкавыскага раёна, Грыцкі, Задворанцы, Раманаўцы Свіслацкага раёна, Грынявічы, Міхайлы Поразаўскага раёна.

Арганізацыю ўзначальваў створаны ў лютым 1942 г. раённы антыфашысцкі камітэт, у які ўвайшлі М. М. Уладыка (Ладыка, старшыня да верасня 1943), М. I. Паўлоўскі (намеснік, у верасні — лістападзе 1943 старшыня), Ф. А. Курза (старшыня з лістапада 1943), А. А. Васіцкі, В. I. Сарока, В. I. Крачко, С. Ф. Пілат. Члены камітэта былі кіраўнікамі ячэек.

Падпольшчыкі вялі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, зрывалі планы акупантаў па рабаванні насельніцтва, вывазе моладзі ў Германію, ратавалі савецкіх ваеннапалонных, перапраўлялі іх у партызаны, рабілі дыверсіі на цэментным заводзе, чыгуначным транспарце, збіралі і перадавалі ў партызанскія атрады зброю, боепрыпасы, медыкаменты, накіроўвалі папаўненне.

У лютым 1944 г. гітлераўцы арыштавалі 19 патрыётаў. Падпольшчыкі, якія засталіся на волі, працягвалі выконваць заданні партыйных органаў і партызанскага камандавання, некаторыя пайшлі ў партызаны.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі I. Р. Васілеўскі і С. I. Васілеўскі, А. А. Васіцкі, Р. П. Дзімідок, М. А. Крачко, М. А. Курза, У. А. Кухта, М. А. Севярын, А. З. Седляр, М. М. Уладыка.

У Ваўкавыску на доме, дзе была явачная кватэра падпольшчыкаў, і на будынку вагоннага дэпо, у якім у 1939–1941 гг. працаваў М. М. Уладыка, устаноўлены мемарыяльныя дошкі, у в. Карпаўцы Ваўкавыскага раёна — помнік падпольшчыкам.