Ваўкавы́ск
Горад, цэнтр Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, на р. Рось, пры ўпадзенні ў яе р. Ваўкавыя. За 102 км на паўднёвы ўсход ад г. Гродна, за 257 км ад Мінска; вузел чыгунак на гарады Гродна, Баранавічы, Масты, Слонім, Свіслач, чыгуначную станцыю Бераставіца, аўтамабільных дарог на гарады Масты, Пружаны і Слонім, гарадскія пасёлкі Вялікая Бераставіца і Ружаны, аграгарадок Пагранічны.
У 1939 г. у Ваўкавыску было 16,7 тыс. жыхароў.
Ваўкавыск ад нямецка-фашысцкіх войск 25–26 чэрвеня 1941 г. абаранялі воіны 3‑й (камандуючы генерал-лейтэнант В. I. Кузняцоў) і 10‑й (генерал-маёр К. Д. Голубеў) армій Заходняга фронту.
Ваўкавыск акупіраваны 28 чэрвеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе і раёне загінула больш за 29 тыс. чалавек, у т. л. 20 тыс. савецкіх ваеннапалонных (паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў). Гітлераўцы ў лістападзе 1942 г. стварылі ў Ваўкавыску гета, куды, акрамя жыхароў райцэнтра, сагналі яўрэяў з Мастоў, Свіслачы, Ружан, г. п. Зэльва, вёсак Поразава і Рось (цяпер гарадскія пасёлкі) і іншых населеных пунктаў, усяго больш за 10 тыс. чалавек. У снежні 1942 г. большасць вязняў была вывезена ў лагеры смерці Трэблінка, Аўшвіц (Асвенцым) і загінула там; у канцы студзеня 1943 г. гета было ліквідавана. Масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва адбываліся ва ўрочышчы Парахаўня на ўскраіне Ваўкавыска; там было загублена больш за 4 тыс. чалавек. Акупанты на 80 % разбурылі горад.
У горадзе і раёне дзейнічалі: Ваўкавыскі падпольны райкам КП(б)Б і Ваўкавыскі падпольны райкам ЛКСМБ, Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя, партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Мінскай і Брэсцкай абласцей), партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Мінскай і Беластоцкай абласцей), партызанскі атрад імя М. І. Калініна (Баранавіцкай вобласці, камандзір Л. I. Сарока), партызанскі атрад імя М. І. Калініна (Беластоцкай вобласці, камандзір С. І. Сцяпанаў), партызанскі атрад «Наватары», партызанская група «Заходнія», партызанская група «Стойкія».
Ваўкавыск вызвалены 14 ліпеня 1944 г. воінамі 129‑й (генерал-маёр I. У. Панчук), 169‑й (палкоўнік Ф. А. Вяроўкін), 5‑й (палкоўнік П. Ц. Міхаліцын) стралковых дывізій 40‑га стралковага корпуса, 1888‑га самаходна-артылерыйскага палка (маёр П. М. Вядзехін), часткі сіл 44‑й асобнай знішчальна-процітанкавай артылерыйскай брыгады (палкоўнік М. Г. Сыраваткін), 28‑й зенітна-артылерыйскай дывізіі (палкоўнік Г. Я. Драбкоў) 3‑й арміі пры падтрымцы 4‑й паветранай арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 г.
Ганаровае найменне «Ваўкавыскія» нададзена 11 воінскім злучэнням і часцям, якія вызвалялі горад (гл. Ваўкавыскія вайсковыя злучэнні і часці).
У Ваўкавыску знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, савецкіх воінаў і ахвяр фашызму; магілы камандзіра мінамётнага палка Я. К. Мудрэнкі і лейтэнанта М. Н. Сунцова, якія загінулі пры вызваленні горада ў ліпені 1944 г. (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
мемарыяльны комплекс у Скверы Памяці, які ўключае брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан, магілы Герояў Савецкага Саюза В. В. Еўдакімава і В. Р. Жолудзева, палкоўніка С. А. Мядзведзева (на пахаваннях пастаўлены помнікі, запалены Вечны агонь), а таксама помнік Вызвалення;
мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Парахаўня, які ўключае магілы ахвяр фашызму, брацкія магілы савецкіх воінаў і мірных жыхароў, помнік ахвярам фашызму, памятны знак жыхарам Ваўкавыскага раёна — яўрэям па нацыянальнасці, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, а таксама стэлу на месцы расстрэлу ўдзельнікаў Нізянскага камсамольска-маладзёжнага падполля;
помнік у гонар воінаў-артылерыстаў, якія вызвалялі горад;
помнік у гонар савецкіх лётчыкаў, якія вызвалялі горад;
помнік абаронцам Айчыны (танк ІС‑3);
помнік Герою Савецкага Саюза В. Р. Жолудзеву;
памятны знак «Шталаг‑316» (вязням лагераў ваеннапалонных і гета);
мемарыяльныя дошкі: у гонар савецкіх воінаў, якія абаранялі горад у чэрвені 1941 г.; у гонар Герояў Савецкага Саюза А. В. Гарбатава, А. І. Барычэўскага, Г. М. Мядзведзева і К. Б. Нуржанава, генерал-лейтэнанта У. С. Кузняцова; на доме, над якім быў узняты сцяг вызвалення; на доме, дзе знаходзілася явачная кватэра падпольшчыкаў; супрацоўнікам Ваўкавыскага аддзела міліцыі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пры выкананні службовых абавязкаў.