Дата стварэння: 17.08.2023 13:58:19
Дата змены: 03.06.2025 10:08:09
Партыза́нскі полк
Адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх сіл у тыле ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі Беларусі мела абмежаванае распаўсюджанне.
Колькасць партызан, узбраенне і структура апарату кіравання партызанскага палка збольшага адпавядалі партызанскай брыгадзе. Звычайна полк падзяляўся на батальёны, роты, узводы і аддзяленні.
На акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 14 палкоў, з іх 11 арганізацыйна ўваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп, 3 дзейнічалі самастойна — партызанскі полк Смаленскі, партызанскі полк 208‑ы імя I. В. Сталіна і партызанскі полк «Трынаццаць». Усе яны (за выключэннем палкоў Смаленскага і «Трынаццаць») будаваліся па адзінай структуры, распрацаванай штабам ваенна-аператыўнай групы пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)Б.
З ліпеня 1943 г. паводле пастановы Магілёўскага падпольнага абкама асобныя партызанскія атрады вобласці, што мелі 800 і больш партызан і адпаведную колькасць асноўнай стралковай і цяжкай зброі, разгортваліся ў палкі, якія складаліся з трох батальёнаў. У батальён уваходзілі штаб, 3 стралковыя роты (па два ўзводы ў кожнай, з трыма аддзяленнямі ва ўзводзе), 1–2 дыверсійныя групы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння. Структуру палка, акрамя батальёнаў, складалі штаб палка, 1–2 дыверсійныя ўзводы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння. Асобныя палкі мелі шпіталь, пасадачныя авіяпляцоўкі або пляцоўкі для прыёму авіягрузаў (гл. Партызанскія аэрадромы). Артылерыя і станковыя кулямёты, у залежнасці ад колькасці ствалоў у палках, аб’ядноўваліся ў роту цяжкай зброі або ўключаліся ў склад стралковых рот чацвёртымі агнявымі ўзводамі.
Пасля злучэння з Чырвонай арміяй Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў палкі як брыгады.