УСХОДНІ ВАЛ, стратэгічны абарончы рубеж, створаны нямецка-фашысцкімі войскамі ў 1943 г.
pdf

«УСХОДНІ ВАЛ»

Дата стварэння: 17.08.2023 14:04:36

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58


«Усхо́дні вал» (ням. «Ostwall»)

Стратэгічны абарончы рубеж, створаны нямецка-фашысцкімі войскамі на савецка-германскім фронце да восені 1943 г. на лініі р. Нарва — гарады Пскоў — Віцебск — Орша — р. Сож — сярэдняе цячэнне р. Дняпро — р. Малочная з мэтай спыніць стратэгічнае наступленне Чырвонай арміі і выйграць час, спадзеючыся выклікаць раскол у антыфашысцкай кааліцыі і заключыць сепаратны мір з ЗША і Вялікабрытаніяй.

Асноўная частка «Усходняга вала» — умацаванні на Дняпры. У верасні 1943 г. у паласе нямецкіх груп армій «Поўдзень» і «А» рубеж стаў называцца пазіцыяй «Ватан», у паласе груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» — пазіцыяй «Пантэра».

Да канца верасня 1943 г. савецкія войскі нанеслі паражэнне праціўніку на Левабярэжнай Украіне, фарсіравалі Дняпро і прарвалі пазіцыю «Ватан» (гл. Бітва за Дняпро 1943 г.).

У ходзе наступальных Бранскай аперацыі 1943 г., Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. Чырвоная армія пераадолела паўднёвы фланг пазіцыі «Пантэра». Спробы прарваць яе на подступах да Віцебска, Оршы і Магілёва, прадпрынятыя войскамі Заходняга фронту восенню і зімой 1943–1944 гг., былі няўдалымі. Глыбіня эшаланіраванай варожай абароны дасягала тут 25–30 км, траншэі ўзмацняліся дотамі, дзотамі, дротам, супрацьпяхотнымі і супрацьтанкавымі міннымі палямі. Пазіцыя «Пантэра» на тэрыторыі Беларусі была канчаткова прарвана войскамі 1‑га Прыбалтыйскага, 3‑га, 2‑га і 1‑га Беларускіх франтоў у канцы чэрвеня 1944 г. у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г., Магілёўскай аперацыі 1944 г. і Бабруйскай аперацыі 1944 г. Нямецкія войскі, якія абаранялі яе, былі ў асноўным знішчаны або ўзяты ў палон.


Літаратура
  1. Уткин Г. М. Штурм «Восточного вала». – Москва: Военное издательство Министерства обороны СССР, 1967.

  2. Конев И. С. Записки командующего фронтом. – Москва: Издательство «Наука», 1972.

  3. Великая Отечественная война 1941–1945: энциклопедия / Редкол.: М. М. Козлов (глав. ред.) [и др.]. – Москва: Советская Энциклопедия, 1985.

  4. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  5. Военный энциклопедический словарь: в 2 т. Т. 1 / Редкол.: А. П. Горкин [и др.]. – Москва: Научное издательство «Большая Российская энциклопедия»; Издательство «РИПОЛ КЛАССИК», 2001.

  6. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея—Яшын. Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003.

  7. Манштейн Э. Утерянные победы. Воспоминания фельдмаршала. – Москва: Астрель, 2012.