ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА РАСОНСКАЯ ІМЯ І. В. СТАЛІНА, Віцебскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА РАСОНСКАЯ ІМЯ І. В. СТАЛІНА

Дата стварэння: 28.09.2023 16:24:33

Дата змены: 03.06.2025 16:09:00


location Google location Yandex

Помнік у гонар партызанскай брыгады Расонскай імя І. В. Сталіна


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА РАСОНСКАЯ ІМЯ І. В. СТАЛІНА, Віцебскай вобласці

Помнік у гонар партызанскай брыгады Расонскай імя І. В. Сталіна і брацкая магіла партызан каля вёскі Межна Расонскага раёна Віцебскай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА РАСОНСКАЯ ІМЯ І. В. СТАЛІНА, Віцебскай вобласці

Помнік партызанам Расонскай брыгады імя І. В. Сталіна, якія ў 1942 г. вызвалілі гарадскі пасёлак Расоны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Партыза́нская брыга́да Расо́нская імя́ I. В. Ста́ліна

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Расонскага, Асвейскага, Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці БССР, Ідрыцкага і Невельскага раёнаў Калінінскай вобласці РСФСР.

Як брыгада вызначана ў жніўні 1942 г. Гэтаму папярэднічала стварэнне ў маі 1942 г. Расонскім падпольным райкамам КП(б)‌Б атрада імя І. В. Сталіна і штаба для арганізацыі партызанскіх атрадаў і каардынацыі іх дзейнасці. У чэрвені 1942 г. арганізаваны атрады імя К. Я. Варашылава, імя В. І. Чапаева, імя В. П. Чкалава, імя В. М. Молатава, якія разам з атрадам імя І. В. Сталіна як асобная расонская група атрадаў у ліпені 1942 г. увайшлі ў склад партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь» (з сакавіка 1943 партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага Віцебскай і Вілейскай абласцей). Пазней у групу ўвайшлі асобныя атрады: 2‑і імя І. В. Сталіна, імя У. І. Леніна, імя Р. І. Катоўскага, імя С. М. Будзённага, імя М. А. Шчорса.

У адпаведнасці з распараджэннем аператыўнай групы партызанскага руху пры Ваенным савеце 4‑й ударнай арміі ад 26 чэрвеня 1942 г. група партызанскіх атрадаў Расонскага раёна была вызначана Расонскай брыгадай імя І. В. Сталіна. У брыгаду ўвайшлі атрады: імя І. В. Сталіна, імя К. Я. Варашылава, імя В. І. Чапаева, імя В. П. Чкалава, імя В. М. Молатава, 2‑і імя І. В. Сталіна (са снежня 1942 імя М. В. Фрунзэ), імя С. М. Кірава, імя М. І. Калініна і артылерыйскі дывізіён. Атрады былі аб’яднаны ў батальёны 1‑ы, 2‑і і 3‑і.

Атрады імя М. А. Шчорса, імя У. І. Леніна, імя Р. І. Катоўскага засталіся ў брыгадзе «За Савецкую Беларусь», атрад імя С. М. Будзённага перайшоў у Полацкі раён і дзейнічаў самастойна.

У верасні 1942 г. у брыгадзе арганізаваны атрад імя Камсамола (пасля гібелі ў кастрычніку 1942 камісара брыгады В. Я. Лапенкі атрад атрымаў яго імя), у снежні 1942 г. — атрады імя А. В. Суворава і імя М. І. Кутузава. У лютым 1943 г. сфарміраваны батальён 4‑ы, у красавіку 1943 г. арганізаваны атрад імя Г. К. Жукава, у маі 1943 г. — атрад імя К. К. Ракасоўскага.

У чэрвені 1943 г. па ўказанні Цэнтральнага камітэта КП(б)‌Б і Беларускага штаба партызанскага руху атрады імя К. К. Ракасоўскага і імя М. І. Кутузава вылучаны з брыгады і перададзены партызанскай брыгадзе імя Г. К. Жукава, перадыслацыраванай у Пастаўскі раён Вілейскай вобласці, атрад імя В. М. Молатава ўвайшоў у партызанскую брыгаду 2‑ю імя А. В. Суворава. Імя В. М. Молатава атрымаў новы атрад, арганізаваны ў канцы чэрвеня 1943 г.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк — Невель, Полацк — Даўгаўпілс, Себеж — Рэзэкнэ — Даўгаўпілс, Пустошка — Себеж. У жніўні 1942 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Клясціцы, Сакалішча, у верасні — у в. Расоны (гл. Расонскі бой 1942 г.). Вызвалілі тэрыторыю Расонскага раёна ад акупантаў і ўтрымлівалі партызанскую зону да прыходу часцей Чырвонай арміі. У жніўні 1943 г. на чыгуначным участку Дрэтунь — Турычына падарвалі больш за 1,2 тыс. рэек. У лютым — сакавіку, кастрычніку — лістападзе 1943 г. вялі баі з карнікамі. У кастрычніку 1943 г. двойчы нападалі на варожы гарнізон у в. Дудчына. У пачатку лістапада 1943 г. разам з перадавымі часцямі Чырвонай арміі разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Харлашы, Трыполле і Гарадзішча Расонскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 3 лістапада 1943 г., на той момант уключала 4 батальёны, у т. л. 1‑ы (атрады імя І. В. Сталіна, імя В. Я. Лапенкі, імя М. І. Калініна), 2‑і (атрады імя К. Я. Варашылава і імя В. П. Чкалава), 3‑і (атрады імя В. М. Молатава, імя В. І. Чапаева, імя С. М. Кірава), 4‑ы (атрады імя М. В. Фрунзэ, імя А. В. Суворава, імя Г. К. Жукава) і артылерыйскі дывізіён, у якіх налічвалася 2 309 партызан.

Камандзір брыгады Р. А. Ахоцін; камісары: В. Я. Лапенка (загінуў у кастрычніку 1942), Я. П. Васілевіч; начальнікі штаба: П. Я. Рубіс, Г. П. Мезенцаў, Л. Ф. Рабінін.

У гонар брыгады ў в. Прудок Расонскага раёна ў 1975 г. насыпаны курган, устаноўлена стэла; каля в. Перавоз Расонскага раёна ў 1975 г. пастаўлена стэла; каля в. Межна Расонскага раёна ў 1977 г. устаноўлены помнік. У г. п. Расоны ў 1964 г. пастаўлена стэла ў гонар брыгад, што дзейнічалі на тэрыторыі раёна ў 1942–1943 гг., у т. л. Расонскай брыгады імя І. В. Сталіна; у 1981 г. — помнік партызанам брыгады, якія ў верасні 1942 г. вызвалялі гарадскі пасёлак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.