pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 425-ы

Дата стварэння: 01.03.2023 15:55:22

Дата змены: 03.06.2025 10:18:54


Партыза́нскі полк 425‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Быхаўскага, Кіраўскага, Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Створаны ў кастрычніку 1943 г. на базе партызанскага атрада 425‑га.

У маі 1942 г. у Быхаўскім раёне пачала дзейнічаць група Ф. Ф. Сухава, створаная з вайскоўцаў, якія не выйшлі з акружэння. У чэрвені 1942 г. група аформілася ў атрад, які ў жніўні 1942 г. увайшоў у Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 425‑ы. Дзейнічаў самастойна, з лістапада 1942 г. у складзе партызанскай брыгады 6‑й Магілёўскай, з красавіка 1943 г. у партызанскай брыгадзе 11‑й Быхаўскай, з ліпеня 1943 г. у Быхаўскай ваенна-аператыўнай групе як асобны атрад, складаўся з трох рот. Пры разгортванні ў полк роты перафарміраваны ў батальёны.

Партызаны вялі баі па ачышчэнні раёна дыслакацыі ад акупантаў. Разграмілі гарнізоны ў вёсках Гарадзец (чэрвень 1942), Ямнае (студзень 1943), Кучын (лістапад 1943) Быхаўскага раёна, Падзевічы (кастрычнік 1942), Вугольшчына (сакавік 1943) Бялыніцкага раёна. У лістападзе 1943 г. разагналі атрад карнікаў у в. Гарадзец і выратавалі мірных жыхароў ад загубы (гл. Гарадзецкі бой 1943 г.). Наносілі ўдары на чыгуначным участку Быхаў — Рагачоў, у верасні 1943 г. удзельнічалі ў разгроме гарнізона і чыгуначнай станцыі Тошчыца (гл. Тошчыцкі бой 1943 г.). У лютым 1944 г. вялі баі з карнікамі ў Бялыніцкім pаёне. У складзе Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы 22–⁠25 лютага 1944 г. полк удзельнічаў у баях з ворагам у паласе Гамарня — Чыгірынка.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 24 лютага 1944 г., на той момант налічваў 807 чалавек. Пры гэтым камандаванне палка і 590 партызан выйшлі за лінію фронту, астатнія былі размеркаваны па іншых фарміраваннях, значная частка іх (153 байцы) увайшла ў партызанскі полк 15‑ы.

Камандзір палка Ф. Ф. Сухаў; камісар Ц. I. Ляўшынскі; начальнікі штаба: В. П. Юханаў, Ц. Я. Сакалоўскі.