pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 810-ы

Дата стварэння: 01.03.2023 15:56:26

Дата змены: 03.06.2025 10:21:07


Партыза́нскi полк 810‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Быхаўскага, Кіраўскага, Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Створаны ў кастрычніку 1943 г. на базе партызанскага атрада 810‑га.

У лютым 1942 г. у Быхаўскім раёне пачалі дзейнічаць партызанскія групы М. Л. Максімава-Лебедзева і В. Ц. Гадунцова. У красавіку 1942 г. яны зліліся ў адзін атрад, які ў жніўні 1942 г. перадыслацыраваўся ў Клічаўскі раён і ўвайшоў у Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 810‑ы. Дзейнічаў самастойна, з красавіка 1943 г. у партызанскай брыгадзе 11‑й Быхаўскай, з ліпеня 1943 г. у складзе Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы. Пры разгортванні атрада ў полк роты перафарміраваны ў батальёны.

Партызаны праводзілі аперацыі на чыгуначным участку Рагачоў — Быхаў, у т. л. 3 жніўня 1943 г. падарвалі больш за 290 рэек. У верасні 1943 г. разграмілі чыгуначную станцыю Тошчыца (гл. Тошчыцкі бой 1943 г.), на лініі Магілёў — Жлобін падарвалі 6 эшалонаў, разбурылі чыгуначнае палатно. Удзельнічалі ў разгроме варожых апорных пунктаў і гарнізонаў, у т. л. у вёсках Дручаны Бялыніцкага раёна (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.), Новы Быхаў, Тайманава і Камарычы (жнівень 1943), Асоўшчына і пас. Савічаў Рог (студзень 1944) Быхаўскага раёна, в. Вялікая Крушынаўка (люты 1944) Рагачоўскага раёна, у г. п. Клічаў (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943 гг.). У в. Гарадзец Быхаўскага раёна 8 сакавіка 1943 г. выратавалі мірных жыхароў ад загубы. У раёне тылавых баз палка стварылі 4 сямейныя лагеры, дзе пад аховай партызан знаходзілася каля 4 тыс. чалавек, якія ратаваліся ад карнікаў. У складзе Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы 22–25 лютага 1944 г. полк удзельнічаў у баях з ворагам, які адступаў, у паласе Гамарня — Чыгірынка.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 24 лютага 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх налічвалася 1 006 партызан.

Камандзір палка М. Л. Максімаў-Лебедзеў, камісар Д. А. Смагін, начальнік штаба А. Р. Феакцістаў.