Дата стварэння: 28.12.2023 13:46:50
Дата змены: 11.09.2024 14:53:38
«Белару́ская газэ́та»
Самае буйное прагерманскае антысавецкае беларускамоўнае перыядычнае выданне на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Выходзіла ў акупіраваным Мінску пад кантролем нямецка-фашысцкіх улад з 27 ліпеня 1941 г. да 28 чэрвеня 1944 г. на беларускай мове. Да 5 лютага 1942 г. называлася «Менская газэта». Рэдактары: А. Сянькевіч, У. Казлоўскі, А. Дземчанка, М. Шкялёнак. Распаўсюджвалася на тэрыторыі Генеральнай акругі «Беларусь».
«Беларуская газэта» мела на мэце кансалідацыю беларускага народа на антысавецкай прагерманскай і пранацысцкай платформе, барацьбу з бальшавізмам, ідэалагічную падтрымку акупацыйнага рэжыму. Вызначалася нацыяналізмам і шавінізмам, нянавісцю да рускіх, палякаў і яўрэяў, імкненнем да стварэння беларускай нацыянальнай ідэалогіі «ўзвышэнства», пошукамі «арыйскіх каранёў» беларускага народа, спробай даказаць яго нібыта гістарычна абумоўленую цягу да Германіі, атаясамліваннем марксізму і сіянізму і інш.
Друкавала прамовы і артыкулы кіраўнікоў нацысцкай Германіі, распараджэнні, звароты і аб’явы акупацыйных улад, агляды нацысцкай прэсы, асвятляла і каменціравала ў духу нацысцкай прапаганды падзеі на франтах Другой сусветнай вайны, міжнароднае становішча, прапагандавала эканамічныя і палітычныя мерапрыемствы акупацыйнай адміністрацыі, усхваляла нацысцкую Германію як ідэальную дзяржаву. Інфармавала пра дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны, Беларускай цэнтральнай рады, Саюза беларускай моладзі, ролю і значэнне якіх значна перабольшвала, а любыя іх акцыі з захапленнем каментавала.
Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі, выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, выхавання беларускай нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця на месцах, асвятляючы іх з пункту гледжання прагерманскага і пранацысцкага калабарацыянізму.
Друкавала папулярныя нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, многія з якіх яўна палітызаваныя і блізкія да публіцыстыкі, матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі, пра беларускія традыцыі і абрады, паходжанне беларускай нацыяналістычнай сімволікі і інш.
На старонках «Беларускай газэты» змешчаны ўспаміны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, матэрыялы пра палітычныя рэпрэсіі ў СССР, Катынскі расстрэл, успаміны Ф. Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ», сведчанні былых вязняў савецкіх турмаў і «папраўча-працоўных» лагераў, творы Н. Арсенневай, Л. Геніюш, М. Зарэцкага, М. Багдановіча, М. Загорскага, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і інш. Шэраг публікацый газеты канца 1943 — пачатку 1944 г. прасякнуты песімізмам, асуджанасцю, расчараваннем у выбраным шляху. Аднак гэтыя настроі не паўплывалі на антысавецкі кірунак «Беларускай газэты».