Дата стварэння: 31.05.2024 11:04:12
Дата змены: 05.03.2025 09:10:30
Партыза́нская брыга́да 100‑я імя́ С. М. Кі́рава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.
Створана 21 сакавіка 1943 г. загадам штаба Мінскага партызанскага злучэння на базе атрада А. I. Шубы «Народныя мсціўцы», арганізаванага ў чэрвені 1942 г. на базе партыйна-камсамольскай групы, якая дзейнічала з 1941 г. Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 1 чэрвеня 1943 г. — 4‑ы, 5 чэрвеня — 5‑ы, 28 жніўня — 6‑ы. У верасні 1943 г. атрадам 1‑му, 2‑му, 3‑му, 4‑му і 5‑му прысвоены адпаведна імёны В. І. Чапаева, М. І. Кутузава, М. В. Фрунзэ, В. П. Чкалава і С. М. Будзённага.
Да снежня 1943 г. брыгада называлася 100‑я «Смерць фашызму».
Атрад «Народныя мсціўцы» разбіў варожыя гарнізоны 7 жніўня 1942 г. у в. Сінягова, 4 верасня 1942 г. — у в. Макарычы (абедзве ў Старадарожскім раёне). Разам з атрадам «Жалязняк» партызанскай брыгады 64‑й імя В. П. Чкалава 20 чэрвеня 1943 г. разграмілі чыгуначную станцыю Фалічы, знішчылі чыгуначны мост, 0,5 км чыгуначнага палатна. У аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі каля 7 тыс. рэек на чыгуначным участку Клецк — Асіповічы. У жніўні, снежні 1943 г., лютым, красавіку 1944 г. вялі баі з карнікамі. Разам з партызанскай брыгадай 121‑й імя А. Ф. Брагіна, партызанскай брыгадай 258‑й імя В. У. Куйбышава, партызанскай брыгадай 161‑й імя Р. І. Катоўскага 27–28 чэрвеня 1944 г. захапілі і ўтрымлівалі да падыходу Чырвонай арміі пераправу цераз р. Пціч.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы імя В. І. Чапаева, 2‑і імя М. І. Кутузава, 3‑і імя М. В. Фрунзэ, 4‑ы імя В. П. Чкалава, 5‑ы імя С. М. Будзённага, 6‑ы, у якіх налічваўся 1 031 партызан.
Камандзір брыгады А. І. Шуба; камісары: Г. М. Машкоў, I. С. Савелаў, I. М. Ражкоў; начальнікі штаба: Ф. В. Дзераўнін, I. I. Папоў, I. З. Ганчароў.
У гонар брыгады ў в. Асавец (цяпер аграгарадок) Любанскага раёна Мінскай вобласці пастаўлены помнік (1974) і ўстаноўлена мемарыяльная дошка на будынку пошты (1975), ва ўрочышчы Млынок за 9 км на ўсход ад в. Залужжа (цяпер аграгарадок) Старадарожскага раёна Мінскай вобласці пастаўлены помнік (1974).